Дашкевіч Галіна Мікалаеўна (нар. 20.11.1947 (па дакументах 2.12.1948), Тураў, Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Паэтка. Уваходзіла ў сябры СБП.
Закончыла філалагічны факультэт Мазырскага педінстытута па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура” (1967). У 1967—1970 г. працавала выхавацелькай дзіцячага садка № 2 у Мазыры, у 1970—1978 гг. — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры СШ № 6. З 1978 г. была асістэнткай, потым старшай выкладчыцай Мазырскага педагагічнага інстытута. У 1983—1986 гг. вучылася ў аспірантуры Інстытута літаратуры АН БССР. У 1989 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Праблемы раманнай творчасці Івана Шамякіна”. У 1990—2015 гг. працавала а кафедры беларускай літаратуры Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта.
Першы верш апублікавана ў 1964 г. (газета “Камуніст Палесся”). Публікавалася на старонках перыядычнага друку, а таксама ў калектыўных зборніках “Ты, Мазыр, мой Парнас” (2001), “Натхненне” (2004), “Святло шчымлівай памяці” (2006), “Званы сумлення” (2009) і інш. Аўтарка зборніка “Верасніца” (Мінск, 1997), кнігі для дзяцей “Паўлік кніжачку чытае” (Мінск, 2001).