Дасаева Таццяна Мікалаеўна (нар. 27.7.1951, в. Старцавічы, Слуцкі р-н Мінскай вобл.). Літаратуразнавец, крытык. Уваходзіла ў сябры СБП.
Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Беларускай і руская мова і літаратура” (1973), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР (1977). Доктар філалагічных навук (2003). Працавала на кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у тым ліку і на пасадзе загадчыцы, у Інстытуце журналістыкі БДУ.
Сфера навуковых інтарэсаў уключае даследаванне мастацкай прозы і публіцыстыкі, гісторыі журналістыкі, літаратурнай, навуковай і журналістскай дзейнасці М. Гарэцкага. Аўтарка манаграфій “Пошукі героя: З вопыту беларускай прозы 20-х гадоў” (Мінск, 1993), “Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага” (Мінск, 1993), “Паэтыка лірызму ў беларускай прозе” (Мінск, 2001), “Максім Гарэцкі і Янка Брыль: тыпалогія малых жанраў” (Мінск, 2004), вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для студэнтаў “Беларуская літаратура ў кантэксце часу” (Мінск, 2011), “Беларуская літаратура ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя” (Мінск, 2016).