Дарафейчук Ірына Іванаўна (нар. 1969, в. Чудзін, Ганцавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Паэтка. Уваходзіла ў сябры СБП.
Дзяцінства правяла на хутары ў Белавежы. З 1981 г. жыве ў Полацку. Закончыла матэматычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава (1992). У 1993 г. пачала працу настаўніцай інфарматыкі ў Полацкай нацыянальнай гімназіі. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра.
Пачала друкавацца ў 1991 г. Аўтарка паэтычных зборнікаў “Сцяблінка на лязе” (Мінск, 1997), “Паганскае кола” (Полацк, 2003). Лаўрэатка прэміі часопіса “Маладосць” за зборнік паэзіі “Сцяблінка на лязе”, рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор сярод маладых аўтараў (за падборку вершаў у газеце “Літаратура і мастацтва”, 1999, № 11).