Дамашэвіч Уладзімір Максімавіч (17.2.1928, в. Вадзяціна, Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 30.4.2014, Мінск). Празаік, публіцыст. Сябра СП з 1962 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў філалагічны факультэт БДУ (1953). У 1953—1967 гг. працаваў у выдавецтвах “Народная асвета” і “Беларусь”, у 1965 г. — на Беларускім радыё, у 1967—1972 гг. літсупрацоўнік часопіса “Полымя”, у 1973—1977, 1978—1988 гг. загадчык аддзела прозы часопіса “Маладосць”, у 1977 г. рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1992). Сябра СП СССР з 1962 г.
Пахаваны на Заходніх могілках Мінска.
Дэбютаваў аповесцю “Трэці лішні” (1958) у часопісе “Маладосць”. Аўтар зборнікаў прозы “Заклінаю ад кулі” (Мінск, 1960), “Між двух агнёў” (Мінск, 1963), “Абуджэнне” (Мінск, 1968), “Выбранае” (Мінск, 1977), “У лабірынце вуліц” (Мінск, 1979), нарыса “Каб радзіла зямля” (Мінск, 1972), аповесцей “Порахам пахла зямля” (Мінск, 1975), “Кожны чацвёрты” (Мінск, 1983), “Першым заўсёды цяжка” (разам з У. Сазановічам; Мінск, 1986), рамана “Камень з гары” (Мінск, 1990). У перыядычным друку апублікаваны раман “Не праспі сваю долю” (1993), аповесці і апавяданні “Лішняе дзіця, або Амплітуда жаданняў” (“Маладосць”, 1998), “Крайняя авечка” (“Полымя”, 2004), “Доля — пустацвет” (“Маладосць”, 2004), “Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям”, (“Полымя”, №10, 2006), “На мяжы цярпення” (“Полымя”, 2007), “Дзённікавыя нататкі” (“Маладосць”, 2007). Выдадзеныя Выбраныя творы (Мінск, 1988; Мінск, 2018). Перакладаў з рускай, польскай, азербайджанскай, армянскай і іншых моў. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1992).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 147).