Глобус Адам (сапр. Адамчык Уладзімір Вячаслававіч; 29.09.1958, г. Дзяржынск, Мінская вобл.). Пісьменнік, мастак, выдавец. Уваходзіў у сябры СП з 1989 г.
Паходзіць з сям’і пісьменніка В. Адамчыка, брат М. Адамчыка. З 1959 г. жыве ў Мінску. Закончыў педагагічнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча (1977), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі ўніверсітэт (1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам у часопісе “Родник” (з 1987). Удзельнік таварыства “Тутэйшыя” (1986—1990). Займаецца выдавецкай дзейнасцю (выдавецтва “Сучасны літаратар”). Сябра СП СССР з 1988 г.
Працуе ў галіне паэзіі і прозы. Дэбютаваў з вершамі ў 1981 г. у газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Маладосць”. Аўтар кніг “Парк” (Мінск, 1988), “Адзінота на стадыёне” (Мінск, 1989), “Смерць — мужчына” (Мінск, 1992), “Скрыжаваньне” (Мінск, 1993), “Дамавікамэрон” (Мінск—Вільня—Беласток, 1994), “Толькі не гавары маёй маме” (Мінск, 1995, 2012), “Койданава” (Мінск, 1997), “Новы дамавікамерон” (Мінск, 1998), “Post scriptum: кантамінацыі” (Вільня, 1999), “Тэксты” (зборнік усіх папярэдніх кніг; Мінск, 2000), “Браслаўская стыгмата” (Мінск, 2001), “Сшыткі” (Мінск, 2003), “Дом” (Мінск, 2004), “сУчаснікі“ (Мінск, 2006), “Літары” (Мінск, 2006), “Казкі” (Мінск, 2007), “Лирика BY” (Москва, 2007), “Замак” (Мінск, 2008), “Convolutus” (Мінск, 2008), “Play.by” (Мінск, 2009), “Крутагорскія казкі” (Мінск, 2010), “Новае неба” (Мінск, 2010), “Сказы” (Мінск, 2012), “Імёны: Літаратурныя партрэты” (Мінск, 2013), “Казкі пра дарослых” (Мінск, 2013), “Апавяданні розных гадоў” (Вільня, 2014), “Партрэты” (Мінск, 2014), “Гісторыі пра Мінск і ваколіцы” (Вільня, 2015), “Зваротная перспектыва” (Мінск, 2015), “Казкі сталічныя: Парыж — Вільня — Мінск — Віцебск” (Мінск, 2018), “Рысы: нарысы пра творцаў” (Вільня, 2019), “Сям’я” (Мінск, 2019), “Анёл” (Мінск, 2021), “Сняжынка: зборнік хайку” (Мінск, 2022).
Лаўрэат расійскай літаратурнай прэміі “Югра” ў намінацыі “Славянская кніга” (2009), кніга “Сказы” ўвайшла ў тройку Прэміі імя Ежы Гедройца за 2012 г.