Герчык Міхась Навумавіч (Майсей Беньямінавіч) (7.6.1932, Бабруйск, Магілёўская вобл. — 3.6.2008, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1964 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і малодшым братам быў у эвакуацыі ў калгасе імя Мічурына Нова-Пакроўскага раёна Арэнбургскай (тады Чкалаўскай) вобласці, працаваў у сельскай гаспадарцы. Восенню 1944 г. сям’я вярнулася дадому. Закончыў Мінскую педагагічную вучэльню (1953), аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў у піянерскай газеце “Зорька”, быў рэдактарам на Беларускім радыё. З 1964 г. рэдактар выдавецтва “Беларусь”, з 1972 г. старшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Сябра СП СССР з 1964 г.
Памёр і пахаваны ў Мінску (?).
У друку выступаў з 1949 г. (верш у газеце “Зорька”). Пісаў на рускай і беларускай мовах. Выдаў для дзяцей аповесці “Ветер рвет паутину” (Минск, 1963, 1990; па-малдаўску: Кишинэу, 1987), “Портрет Фиделя” (Минск, 1964), “Повесть о золотой рыбке” (Минск, 1968; Бобруйск, 2015), “Солнечный круг” (Минск, 1970), зборнікі аповесцей, апавяданняў, нарысаў “Вялікая сіла ведаў” (Мінск, 1962), “Вучыся, працуй і жыві для народа” (Мінск, 1964), “Земное притяжение” (Минск, 1965), “Ветка зеленого дерева” (Минск, 1977), “Дзе жывуць чараўнікі” (Мінск, 1980), “Самое синее небо” (Минск, 1982). Аўтар раманаў “Отдаешь навсегда” (Минск, 1970, 1974, 1986; па-польску: Warszawa, 1984), “Обретение надежды” (Минск, 1976, 1979), “Вяртанне да сябе” (Мінск, 1989), “Погоня за миражом” (Минск, 2008), дакументальна-публіцыстычнай аповесці “Час гаспадароў” (Мінск, 1983; па-руску: Москва, 1986), сцэнарыя мастацкага фільма “Научись танцевать” (Минск, 1985). У 1992 г. у Мінску выйшлі “Избранные произведения” ў 2 тамах.