Гаварушка Яфім Максімавіч (15.10.1911, в. Востраў, цяпер Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл. — 3.6.1992, Смалявічы, Мінская вобласць). Празаік, публіцыст.
Выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Бабруйску. У 1935 г. закончыў Мінскі вышэйшы педагагічны інстытут. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Смалявічах. Арыштаваны 9 снежня 1936 г. Асуджаны 2 кастрычніка 1937 г. на 6 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Пасля вызвалення вярнуўся ў Смалявічы. Рэабілітаваны ў 1955 г. Працаваў настаўнікам і дырэктарам дзіцячага дома.
Пахаваны на могілках г. Смалявічы, Мінскай вобласці.
Апавяданні друкаваў у газетах “Піянер Беларусі”, “Настаўніцкая газета”, “Чырвоная змена”, “Мінская праўда”, у рускіх газетах “Лесная промышленность”, “Северная правда”, часопісе “Советская Отчизна” (1992). Публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, “Бярозка”, “Нёман”, калектыўным зборніку “Праўда гісторыі. Памяць і боль” (Мінск, 1991). Надрукаваў некалькі артыкулаў пра жыццё і творчасць акадэміка І. Замоціна. Укладальнік кнігі І.Замоціна “Творы” (Мінск, 1991). У апошнія гады жыцця працаваў над складаннем анталогіі рэпрэсаваных паэтаў “Песня падуладных”.