Вазіла Аляксандр Цімафеевіч (9.9.1888, Прапойск, цяпер Слаўгарад, Магілёўская вобл. — 4.12.1937, Уладзімір, Расія). Паэт, публіцыст.
Вучыўся на Вышэйшых курсах Т. Лесгафта ў Пецярбургу. У 1908 г. выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху і, паводле некаторых звестак, сасланы ў Сібір. У 1916—1917 гг. займаўся на курсах кааперацыі ў Петраградзе. У 1917—1918 гг. быў старшынёй Быхаўскай павятовай управы. Сацыял-дэмакрат-інтэрнацыяналіст. На Першым Усебеларускім з’ездзе 1917 г. выступаў супраць абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. Яго прамова была надрукавана асобнай брашурай. У 1918 г. быў загадчыкам агітацыйна-выдавецкага пададдзела Белнацкаму, рэдактарам часопіса “Чырвоны шлях”. З 1919 г. адышоў ад палітычнай дзейнасці. Арыштоўваўся ў 1917 і 1924 гг. У 1932 г. арыштаваны ў Маскве, прывезены ў Беларусь, абвінавачаны ў стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Прапойскім раёне. Сасланы ў Казахстан. У 1937 г. зноў арыштаваны, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці, прывезены ў Уладзімірскі палітычны ізалятар, дзе і расстраляны.
Месца пахавання невядомае.
У 1912—1913 гг. друкаваўся ў газеце “Белорусский вестник”, у 1918—1919 гг. у перыёдыках “Чырвоны шлях” і “Белорусская криница”. Выдаў зборнік паэзіі “Волны” (Златоуст, 1914), які быў канфіскаваны цэнзурай.