Агняцвет (Каган) Эдзі (Юдзіф) Сямёнаўна (28.9(11.10).1913, Мінск — 17.07.2000, Мінск). Паэтка, перакладчыца. Сябра СП з 1937 г.
Паходзіла з сям’і служачага. У 1930 г., пасля заканчэння сямігодкі, працавала на менскім заводзе “Камунар”, потым год правучылася ў мінскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). З 1934 г. завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літфака педінстытута. У 1934—1938 гг. працавала рэдактарам Беларускага радыё, у 1939 г. — кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР, у 1940—1941 гг. — у аддзеле паэзіі часопіса “Полымя рэвалюцыі”. У часе Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Узбекістане. У 1945—1946 гг. працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Пазней займалася самастойнай творчай працай. Была сябрам СП СССР з 1937 г. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі.
Пахаваная на Усходніх могілках Мінска.
Першыя вершы надрукавала ў 1929 г. Пісала пераважна для дзяцей, у тым ліку лібрэта для опер. Перакладала на беларускую мову творы розных рускіх і еўрапейскіх пісьменнікаў. У 1986 г. узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х.К.Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей “На двары алімпіяда”. Аўтарка зборнікаў паэзіі “Маё пакаленне” (Мінск, 1935), “Вершы” (Мінск, 1938), “Вясновай раніцай” (Мінск, 1941), “Другу на фронт” (Ташкент, 1942), “Край мой родны” (Мінск, 1945), “Дарога ў будучыню” (Мінск, 1949), “Беларуская рабіна” (Мінск, 1959; па-руску: Масква, 1962), “Лірыка” (Мінск, 1965), “Круглы год: Выбранае” (Мінск, 1966), “Жаданне” (Мінск, 1971), “Спадзяванне калыханак” (Мінск, 1983), “Закаханым”(Мінск, 1986), “І смутак, і святло” (Мінск, 1996), паэмы “На беразе Волгі” (Мінск, 1940). Таксама аўтарка кніг паэзіі для дзяцей “Михасек” (Ташкент, 1944), “Васількі” (Мінск, 1947; па-руску: Москва, 1948), “Ля піянерскага кастра” (Мінск, 1952), “Мы желаем мира на земле” (Москва—Ленинград, 1952), “Мой сябра”(Мінск, 1954), “Твае таварышы” (Мінск, 1957), “Госць з далёкай зямлі” (Мінск, 1958), “Кличет ветер свежий” (Москва, 1958), “На улице нашей” (Минск, 1958), “Незвычайныя канікулы” (Мінск, 1962), “Першы ліст” (Мінск, 1966), “Падарожнік” (Мінск, 1969), “Піянерская гама” (Мінск. 1970), “Краіна маленства” (Мінск, 1975), “Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя” (Мінск, 1976), “Доктар Смех” (Мінск, 1977; па-руску: Москва, 1982), “Ад зярнятка да вясёлкі” (Мінск, 1981), “Хто пачынае дзень?” (Мінск, 1982, па-руску: Масква, 1969; Алма-Ата, 1973), “На двары алімпіяда” (Мінск, 1984), “Буду настаўнікам” (Мінск, 1990), “Я слушаю лето” (Москва, 1990), “Рэчка, рэчанька мая”(Мінск, 1991), “Хай часцей смяюцца дзеці” (Мінск, 1997), “Пад сінім небасхілам” (Мінск, 1999), паэмаў “Песня пра піянерскі сцяг” (Мінск, 1949, па-руску: Масква, 1951), “Мы будзем сябраваць” (Мінск, 1955, дапрацаванае выданне ў 1979, па-руску: Мінск, 1967) і інш. У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. У 2013 г. у серыі “Бібліятэка часопіса “Вясёлка” пабачыў свет пасмяротны зборнік вершаў для дзяцей “У свеце дабрыні”, у 2022 г. — зборнік вершаў “Мой рыжы Бім” у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 378).