Выдавецтва Gutenberg Publisher паведаміла пра заключэнне кантракту на выданне і анансавала выхад беларускага перакладу кнігі нарвежскай аўтаркі і ілюстратаркі Крыстын Рушыфтэ “Усе мы лічымся”. Гэтая кніга, адзначаная мноствам прэстыжных узнагарод, паспела стаць улюбёнай для чытачоў больш як 60 краін свету.
“Усе мы лічымся” — бліскучае спалучэнне кнігі-разглядалкі, кнігі-лічылкі і ілюстраванай гісторыі пра чалавецтва. Чытач лічыць людзей ад 0 да 8,3 мільярдаў. Вось старонка, дзе нікога няма, на наступнай з’яўляецца хлопчык, які глядзіць на зоркі, а далей колькасць людзей расце з кожнай старонкай. Прытым усе персанажы на малюнках унікальныя. Калі ўважліва сачыць за героямі, можна заўважыць, як іх сцежкі перасякаюцца. Аўтарка прапануе нам не проста лічыць людзей, але і разгадваць іх таямніцы, думаць пра іх пачуцці, мары і страхі.
Гэта інтэрактыўная кніга для сямейнага чытання, якая вучыць дзяцей эмпатыі, уважлівасці і талерантнасці. Яе можна пераглядаць бясконца і ўвесь час знаходзіць нешта новае. Акурат гэты вімельбух* будзе цікавы ўсім: малым, што вучацца лічыць, падлеткам і нават дарослым, што любяць квізы ці задачкі на логіку, памяць і увагу, або здольныя зразумець тонкі псіхалагізм і глыбокія філасофскія сэнсы.
Пераклала кнігу на беларускую мову Юля Цімафеева.


Кантракт падпісаны дзякуючы ўдзелу ў Франкфурцкім кніжным кірмашы і падтрымцы Праграмы “МОСТ”.
*Вімельбух (ням. Wimmelbuch) — гэта пазнавальная дзіцячая кніжка буйнога фармату з дэталізаванымі ілюстрацыямі, насычанымі мноствам персанажаў і сцэнак ды поўнай адсутнасцю або мінімумам тэксту. Яны развіваюць маўленне, фантазію, трэніруюць памяць і ўвагу, уменне знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі.






