Віктар Марціновіч упершыню за 8 гадоў выдаў новы раман

Ва ўроцлаўскім выдавецтве KEW выйшла новая кніга Віктара Марціновіча “Глыбіня”. У постапакаліптычным рамане аўтар даследуе праблему падзеленасці беларусаў, розніцу каштоўнасцяў, аналізуе этыку адносінаў паміж людзьмі ўнутры Беларусі і за яе межамі, а таксама спрабуе выявіць гістарычныя заканамернасці, якія б збераглі ад непапраўных памылак.

Што будзе з намі, калі мы раптам апынемся па розныя бакі — краіны, гісторыі, уласнага жыцця?

Адна краіна расколваецца на “да” і “пасля”. На тых, хто застаўся, і тых, хто знік, забраўшы з сабой мову, памяць, цывілізацыю. Цэлы свет распадаецца на часткі, і кожная з іх пачынае жыць паводле ўласных законаў. Але героі гісторыі застаюцца знітаваныя агульным мінулым, выбарам, які нельга адмяніць, і пытаннямі, на якія няма простых адказаў. Ці можна зноў стаць адным цэлым? І ці хто-кольвек гэтага хоча?

Віктар Марціновіч стварыў напружаны і эмацыйны твор пра разлом, які праходзіць праз лёсы людзей. Тут ёсць усё: досвед сыходу і яго цана, складаная этыка адносін паміж «сваімі» і «чужымі», унутраныя канфлікты, што не даюць спакою. Гэта вострасюжэтны раман з гісторыяй кахання і фіналам, які насамрэч — толькі пачатак.

Набыць кнігу можна анлайн на розных пляцоўках.

Віктар Марціновіч восем гадоў не выдаваў раманаў па-беларуску. Дэбютаваў у 2009 годзе на расейскай мове раманам “Параноя”, потым былі “Сцюдзёны вырай”, “Мова”, “Сфагнум”, “Ноч” і інш. Віктар Марціновіч не толькі аўтар мастацкай прозы, але яшчэ і драматург, і мастацтвазнаўца. У пачатку 2026 году ў Оксфардскім выдавецтве Routgledge па-ангельску выйшла ягоная кніга “Art of Mercy”: нон-фікш пра мастацтва праз прызму прыватнага, глыбока асабістага досведу.