Выходзіць аповесць Сімоны дэ Бавуар і кніга эсэ пра саму аўтарку

У пачатку верасня ў выдавецтве “Скарына” выходзяць адразу дзве кнігі, звязаныя з Сімонай дэ Бавуар. Першая — пераклад яе аповесці пра смерць маці “Вельмі лагодная сьмерць”. Другая — зборнік эсэ і артыкулаў пра саму пісьменніцу — “Сымона дэ Бавуар і Беларусь”. Гэты зборнік ёсць своеасаблівым уступам у яе творчасць, а таксама спробай асэнсавання фемінісцкай і палітычнай думкі мысляркі.

“Вельмі лагодную сьмерць” французскі філосаф Ален Бад’ю назваў ці не першым матэрыялісцкім тэкстам пра смерць, у якім няма месца духоўным, таямнічым і мэдытатыўным наплывам, засталася смерць як працэс, структураваны сацыяльнай татальнасцю і насычаны тэхналёгіямі.

Калі ў Франсуазы, маці Сімоны дэ Бавуар, знаходзяць рак на позняй стадыі, пісьменніца ўпершыню за многія дзесяцігоддзі застаецца пры ложку маці і назірае, як жанчына, якую яна, здавалася, добра ведала, раскрывае невядомую дагэтуль волю да жыцця. Напісаная ў бескампрамісным, аналітычным стылі, які зрабіў дэ Бавуар адной з самых уплывовых мыслярак ХХ ст., “Вельмі лагодная сьмерць” пракрочвае праз апошнія тыдні жыцця Франсуазы без шкадавання ані да чытача, ані да самой аўтаркі. Дэ Бавуар даследуе дробныя жорсткасці шпіталёў, добразычлівую хлусню лекараў, і свае заблытаныя пачуцці да маці, якую яна большую частку дарослага жыцця трымала ад сябе на адлегласці. У выніку ў нас у руках не банальныя ўспаміны пра бяду, а філасофскае асэнсаванне смяротнасці. Упершыню апублікаваная ў 1964 годзе, гэтая невялікая, ашаламляльная кніга застаецца адным з самых шчырых апісанняў страты маці і ключавым творам у Бавуаравых даследаваннях цялеснасці, старэння і чалавечай годнасці.

Пытанні, якія Сымона дэ Бавуар ставіла па-француску, гучаць аднолькава востра на ўсіх мовах. І кніга Уладзіслава Гарбацкага “Сымона дэ Бавуар і Беларусь” ёсць канцэнтраванымі ўводзінамі ў сусвет мысляркі і асэнсаваннеі ейнай фемінісцкай, палітычнай і атэістычнай думкі. Дэ Бавуар, прачытаная праз беларускую і агульнаеўрапейскую прызму, паўстае як актуальная суразмоўніца сучаснай Беларусі.

Кнігі ўжо можна замовіць на сайце выдавецтва тут і тут. Дастаўка пасля 9 верасня.

Сымона дэ Бавуар (1908–1986) — француская філосафка, пісьменніца, ідэалагіня фемінісцкага руху. Скончыла Сарбону, дзе вывучала філасофію. Партнёрка і аднадумца Жан-Поль Сартра. Адна з цэнтральных постацяў атэісцкага экзістэнцыялізму, дэ Бавуар распрацоўвала ўласную філасофію свабоды, адказнасці і “іншасці”. Аўтарка шматлікіх раманаў, навэлаў, эсэ, мемуараў і п’есы. Вядомая перадусім дзякуючы двухтомнаму эсэ “Другі пол” (1949), якое зрабіла рэвалюцыю ў разуменні жаночай ідэнтычнасці, сфармуляваўшы знакамітую тэзу “жанчынай не нараджаюцца, а становяцца”.