У выдавецтве Skaryna Press выйшаў з друку класічны, шырока цытаваны раман Оскара Уайльда “Партрэт Дорыяна Грэя”. Пераклад зроблены паводле безцэнзурнай версіі, якая па-ангельску была апублікавана толькі ў 2011 годзе. Пераклаў на беларускую Вільз О’Фляэрці.
“Чым бы вы ахвяравалі дзеля вечнай маладосці і прыгажосці? Для Дорыяна Грэя, асляпляльна вабнага маладзёна ў віктарыянскім Лондане, адказ быў просты — усім. Калі бліскуча разумны лорд Генры Уотан напаўняе ўразлівы розум Дорыяна спакуслівай філасофіяй, той выказвае лёсавызначальнае жаданне, сакрэт якога захавае партрэт”, — гаворыцца ў анатацыі да кнігі на сайце выдавецтва.
Упершыню апублікаваны ў 1890 годзе, твор выклікаў скандал: у кожным радку прыстойнае грамадства пазнавала сябе. Адзіны раман Оскара Уайльда застаецца адной з самых яркіх перлаў англамоўнай літаратуры. Готыка, сацыяльная сатыра і філасофская прытча дасціпна зліліся ў адно. З хірургічнай дакладнасцю і заразнай весялосцю Оскар Уайльд выкрывае крывадушнасць і запытвае чытача: дзеля чаго ты жывеш?
Пад зіхатлівай паверхняй тэксту цячэ далікатная квір-плыня: захапленне мастака Бэзіла Холварда Дорыянам, набрыняная недасказанасцю блізкасць паміж персанажамі і таямнічае жыццё галоўнага героя агучваюць невымоўныя ў пурытанскім грамадстве жаданні. Раман быў выкарыстаны ў судзе як доказ злачыннай разбэшчанасці аўтара. Для яго ж твор стаў зашыфраваным аўтапартрэтам мастака, які разумее кошт прыгожага і небяспеку таемнага.
Замовіць навінку можна праз сайт выдавецтва Skaryna Press.






