Перавыдалі чарадзейныя казкі з ілюстрацыямі Валерыя Славука

Выдавецтва “Папуры” перавыдала багата ілюстраваную кнігу беларускіх чарадзейных казак і паданняў “Вядзьмар, які рабіўся ваўком”, якая ўпершыню выходзіла ў 2020 годзе. Уклаў і апрацаваў народныя тэксты перакладчык і паэт Антон Францішак Брыль.

У новым выданні чытачоў чакае адна новая невялікая казка “Адкуль бяруцца кнігі”. Паводле слоў укладальніка Антона Францішка Брыля, гісторыя сустрэлася яму ўжо пасля выхаду першай версіі кнігі і выдатна яе дапоўніла. Таксама выдавецтва дапрацавала паліграфію.

У зборнiк увайшлi чарадзейныя казкi i паданнi з розных куткоў Беларусi, запiсаныя ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзяў, а цяпер наноў адабраныя i апрацаваныя. Некаторыя сюжэты добра знаёмыя чытачу, iншыя ж, наадварот, рэдка траплялi у папулярныя выданнi. Кнiга спадабаецца тым, хто цiкавiцца фальклёрам, а таксама аматарам цмокаў, ваўкалакаў i iншых цiкавых персанажаў. Лiтаратурная апрацоўка зробленая з максiмальнай ашчаднасцю да арыгiнальных тэкстаў, але так, каб яны былi зразумелыя i цiкавыя самым малодшым чытачам i слухачам.

Праца Валерыя Славука над гэтай кнігай была названая журы Прэміі Цёткі найлепшай у намінацыі “Мастацкае афармленне”.

Выбітнаму кніжнаму графіку Валерыю Славуку налета мае споўніцца 80 гадоў і для яго, і для чытачоў найлепшым падарункам стала б наяўнасць у юбілейны год на паліцах кнігарняў размаітых працаў мастака. Новая версія “Ведзьмара, які рабіўся ваўком” гэта першая ластаўка. Чакаюцца перавыданні твораў з 90-х гадоў, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, а таксама выхад кніг з цалкам новымі ілюстрацыямі, сярод якіх “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага і вялікі збор беларускіх народных казак.

Шукайце навінку ў кнігарнях і на маркетплэйсах.