Пачаўся збор на кнігу вершаў і карцін Наталкі Хвоі

На краўдфандынгавай пляцоўцы Gronka пачаўся збор на выданне кнігі паэзіі беларускай аўтаркі, паэткі і мастачкі Наталкі Хвоі (Наталлі Бордак). Кніга “Тры кроплі” складаецца з трох тэматычных раздзелаў, а таксама з вершаў, напісаных у розныя гады, і карцін, якія працягваюць паэтычныя вобразы.

Праект аб’ядноўвае беларускую паэзію і візуальнае мастацтва, пераважна экспрэсіўнае, пачуццёвае і спантаннае. Карціны не проста ілюструюць вершы — яны вядуць з імі дыялог, пераклікаюцца з настроем і адкрываюць новыя сэнсы. У кнізе таксама прадстаўлены каталог мастацкіх прац аўтаркі, што робіць выданне цэласным творчым праектам.

“Чытач атрымае не толькі кнігу паэзіі, але і глыбокае эстэтычнае падарожжа ў свет слова і выявы”, — гавораць ініцыятары збору.

Кнігу на амаль 200 старонак у цвёрдай вокладцы мае выдаць RozUM Media.

Падтрымаць збор за ўзнагароду і даведацца падрабязнасці можна праз пляцоўку Gronka.

Наталля Бордак, паэтка і мастачка, якая спалучае літаратурную і візуальную творчасць. Першыя вершы па-беларуску пачала пісаць яшчэ ў пачатку 90-х. Малюе больш за 50 гадоў. Скончыла Універсітэт культуры ў Менску. У Нясвіжы далучылася да літаратурна-музычнага клуба "Валошкі" пры раённай бібліятэцы; удзельнічала ў літаратурных вечарынах і імпрэзах, друкавалася ў розных зборніках, чытала свае вершы на раённым радыё. Таксама брала ўдзел у калектыўных выставах і мела персанальныя выставы як у Беларусі, так і за мяжой.