У межах праекта “verse X change”, які аб’яднаў беларускіх, дацкіх і шведскіх паэтаў і паэтак у серыі перакладчыцкіх майстэрняў, пабачыла свет супольная анталогія “Вершаабмен”.
Падчас праекта аўтары і аўтаркі перакладалі вершы адно аднаго, не абавязкова ведаючы мову арыгіналу. Замест гэтага пераклады нараджаліся з размоваў, уважлівага чытання і ўзаемных тлумачэнняў. Анталогія аб’ядноўвае тэксты пра выгнанне, пратэст, страту і надзею, а таксама адлюстроўвае ўнікальную форму літаратурнай супрацы і салідарнасці ў час, калі многія беларускія пісьменнікі і пісьменніцы працягваюць сутыкацца з выгнаннем, цэнзурай і пераследам.
Анталогія ўключае вершы і пераклады KB, Дар’і Бялькевіч, Юлі Цімафеевай, Cecilie Rönnow Egerup, Jon Aagaard Gao, Ylva Gripfelt, Jonas Gren, Bereket Hailemariam, Сяргея Календы, Christine Kærulv, Hanna Rajs, Яны Санько, Ганны Шакель, Іллі Сініцы, Ксені Стасюкевіч, Katinka Bukdahl Søby, Hrozya Vicík і Joakim Vilandt.
Ментары і ментаркі: Lotte Jansen, Harald Hartvig Jepsen, Andrej Khadanovich, Dmitri Plax і Tine Roesen.
Анталогія была створаная Беларускім ПЭНам, Дацкім ПЭНам і Шведскім ПЭНам пры падтрымцы Паўночнай рады міністраў. Пагартаць прэв’ю кнігі на сайце penbelarus.org.
Прыдбаць за данат папяровы асобнік кнігі на нашых імпрэзах (па ўсіх пытаннях пішыце на пошту verse@penbelarus.org). Пачытаць частку перакладаў, апублікаваную ў міжнародным анлайн-часопісе PEN/Opp, заснаваным Шведскім ПЭНам, і ў анлайн-часопісе сучаснай беларускай паэзіі TAŬBIN. А таксама можна паглядзець серыю інтэрв’ю з паэткамі і паэтамі пра тое, як адбываўся пераклад і якія адкрыцці ў працэсе працы яны для сябе зрабілі.



![Шапран выдаў манаграфію “Быкаў. [Пра] мастацтва”](https://bellit.info/wp-content/uploads/2026/07/746003003_3461470060687041_6784350007652796489_n-90x60.jpg)


