Паэтычная серыя “Брукаванка” папоўнілася зборнікам вершаў Віктара Слінкі “Ліставанне”. Гэта чацвёртая кніга паэта і першае выбранае, што падводзіць пэўныя вынікі папярэдняму творчаму этапу аўтара.
“Ліставанне” — гэта не проста выбраныя вершы. Гэта кніга, якая дазваляе ўбачыць яшчэ аднаго недаацэненага беларускага паэта апошніх дзесяцігоддзяў. Паэта, чый аўтарытэт у літаратурным асяроддзі значна перавышае яго вядомасць шырокаму чытачу.
“…Віктар Слінка выглядае, бадай, самым паслядоўным прыхільнікам таго кірунку, які адкрыў Алесь Разанаў. Найперш гэта датычыць версэта. Але Слінка не капіруе Разанава. Ён пераняў галоўнае — разуменне свабоднага верша як формы канцэнтраванага мыслення. Там, дзе Разанаў імкнецца да філасофскай формулы, Слінка пакідае больш месца для лірычнай інтанацыі і чалавечага пачуцця“, — гаворыцца ў рэцэнзіі на кнігу “Ліставанне”, якую цалкам можна пачытаць на сайце пра новыя беларускія кнігі.
Пазбягаю людзей.
Пазбягаю гутарак, цікаўных позіркаў.
Пазбягаю шумных вечарын.
Пазбягаю адзіноты.Іду па вуліцы, мяняю кірунак, іду
разам з людзьмі і асобна ад
людзей і раптам спыняюся.Ішоў дождж — як раз той, які
стукаўся ў маё вакно і якому я
не адчыніў, — ішоў дождж і
пакінуў лужыны.
Я паглядзеў у ваду.
Хто гэта?
Я так доўга пазбягаў з ім сустрэчы…

Віктар Слінка (Слінко) нарадзіўся 4 чэрвеня 1972 году ў в. Козікі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вершы піша з пятнаццаці гадоў. Друкуецца ў беларускіх газетах і часопісах. Лаўрэат літаратурнай прэміі Таварыства вольных літаратараў “Гліняны Вялес” за кнігу “Штольні вясны”, прэміі часопіса “Дзеяслоў” і “Залаты апостраф” за лепшую паэтычную публікацыю 2005 году.
Аўтар кніг паэзіі “Апошні снег” (1995), “Штольні вясны” (2001), “Арахна” (2011), “Ліставанне” (2026).
Раней у выдавецкая ініцыятыва “Полацкае ляда” выпусціла ў кніжнай серыі “Брукаванка” кнігі Юрыя Гуменюка, Сяргея Патаранскага і Янкі Лайкова.






