У новым выпуску аўтарскага падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец чытае і разглядае кнігу Паўла Севярынца “Беларусь — гэта сьвятое”. Вера як персанальная тэрапія, святое vs. жывое, мурашка vs. чалавек, эстафета канфесій у гісторыі наша краю, вяртанне беларушчыны ў часы перабудовы як вяртанне рэлігіі — пра гэта і многае іншае разважае Сяргей Дубавец.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Калісьці я чуў такую формулу: пра Бога трэба гаварыць ціха, а лепей наогул — моўчкі. Як з самім сабою. Сэнс выказваньня быў у тым, што ўсё абгаворана, усё сказана і цяпер трэба толькі настроіцца на пэўную ноту, каб адчуць яе — “благодать”. Дзіўна назіраць, як беларуская мова падбірае словы для перадачы гэтага царкоўнаславянізму: Боская ласка, дар божы, мілата, раскоша, любата, хараство… Адназначнага перакладу няма, а сам арыгінал у беларускай мове немагчымы, бо — благі, благо-дать.
Кніга Паўла Севярынца прапануе сваю ноту настройкі і аўтара — свайго майстра. Агулам правёўшы ў турме больш за 11 гадоў, ён выпрацаваў сваю практыку сьветаўспрыманьня, зрабіўшы яго стрыжнем сымбіёз беларушчыны і хрысьціянства.
Апынуўшыся ў зьняволеньні, мусіш знайсьці сваю рацыю сьвету. Таму ўласна пра турму ў кнізе ні слова. Гаворка ідзе пра ўяўленьне, пра тое, каб запусьціць апіоідную сыстэму мозгу, якая і адказвае за рэгуляцыю болю і задавальненьне. Якраз на гэтую сыстэму ўзьдзейнічаюць абязбольвальныя рэчывы, якія выклікаюць эўфарыю. Але ў нашым выпадку гэта можа быць і набажэнства.
***
Кніга мае жорсткую структуру, яна ілюстраваная дакумэнтальнымі малюнкамі храмаў і ўключае вершы Паўла Севярынца, а таксама сэнтэнцыі, якія, нібы вехі, пазначаюць шлях.
Назва “Беларусь — гэта святое” — гучыць як максіма, большага ня скажаш, таму і інтрыгі не ўзьнікае, яе ў задуме няма. Напэўна, гэтае выказваньне ня столькі літаратурнае, колькі з пэўнай іншай сфэры, напрыклад, зь імшы.
“Сьвятое, — тлумачыць Севярынец, — аддзеленае Богам для жыцьця вечнага. Веру, Беларусь будзе жыць у вечнасьці. Вольнай і сьветла”.
Сьвятое — тое, што адбылося, завершаны вобраз. Нічога не памяняеш. Беларусь — гэта сьвятое. Хоць, вядомая думка, што памяняць назву было б карысна — на Крывію, напрыклад, пра што думаў яшчэ Ластоўскі — прысутнічае… Каб не ўзьнікала гэтая -руссія ў асацыяцыях. Хоць лепей, вядома ж, каб расейцы аддалі тую назву Русь, якая ўласна азначала заўсёды Беларусь і Ўкраіну…
Выходзіць, што “сьвятое” насамрэч — не супакоенае, яно — у самым цэнтры меркаваньняў і магчымых перамен.
На маё адчуваньне, тут, можа быць, больш адпаведным было б слова “жывое”, “Беларусь — гэта жывое”, — такі сэнс мне і вычытваецца ў тлумачэньнях Паўла Севярынца. Калі, вядома, не лічыць абавязковым для аўтара рэлігійны кантэкст. Калі ня бачыць у ім непарушную завершанасьць. Што ніяк аўтару і не замінае. Што робіць Бог? Ён можа падміргнуць табе, а ты яго можаш парадаваць. Яго можна “ўключыць”, зрабіць зь ім сэлфі. Зразумела, што гаворка ідзе пра ўяўленьне.
І вечнасьць — панятак, які таксама патрабуе ўяўленьня. Напрыклад, калі ў тэлефільме расказваюць пра пэўнага мурашку, які не зьмяніўся за мільёны гадоў, жыў яшчэ ў часы дыназаўраў і ўнёс важкі ўклад у разьвіцьцё ўсяго жывога на зямлі, уявіць гэта ня так проста. Але я разумею, што гаворка пра таго мурашку, такога, якіх я шмат сустракаў, і вось яны, памёршы, ператварыліся ў адзінку свайго віду і ўжо як від паўплывалі ды ўзялі ўдзел у агульным разьвіцьці. То бок мурашкі жывуць мільёны гадоў як від і як від, важныя для ўсіх. Верагодна так жывуць усе ў прыродзе, апроч чалавека, які цэніць уласную індывідуальнасьць і надае вялікае значэньне сваёй індывідуальнай сьмерці.
***
Як функцыянуюць розныя сымбалічныя праявы, можна зразумець зь іх параўнаньня зь іншымі літаратурнымі прыкладамі. Вось у Севярынца выслоўе: “Бель Беларусі — ня проста чысьціня, а сьвятасьць”. Мне згадваецца верш Уладзімера Караткевіча “Павешаным 1863 году”, зь якога Лявон Вольскі зрабіў магічную песьню, дзе бель успрымаецца як хвароба, як белакроўе:
Ў крыві краіны нашай бель,
Прыходзіць час сьмяротных сноў,
I нашай волі карабель, –
Няскораны, – ідзе на дно.
З рэлігіяй у Беларусі таксама няпроста, — кажу я, — гледзячы на тое, як Павал Севярынец выдае свае сэнтэнцыі: “Пакуль беларусы з беларусамі не пачнуць размаўляць па-беларуску — ніякай вольнай Беларусі ня будзе”. Гучыць — як заклён. “Беларускую мову — сьветлую, звонкую і сьпеўную — Сам Госпад Бог стварыў для словаў веры, надзеі і любові”, “У Беларуса тры душы” (а ня дзьве, як у Максіма Гарэцкага)… “Беларусь — гэта 10 мільёнаў геніяў”…
Пачынаючы ад прыходу сюды Расеі і ліквідацыі масавай у Беларусі ўніяцкай царквы на карысьць РПЦ у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, да панаваньня РПЦ і рэпрэсіяў супраць усіх хрысьціянскіх канфэсіяў на працягу ХХ ст. Да больш за 30 апошніх гадоў панаваньня “праваслаўнага атэіста”, які параўноўвае сябе з Богам і насаджае “КГБ па ўсёй вэртыкалі”… Гэта час дэсакралізацыі паняційнага апарату ў вуснах народа, такіх словаў як сьвяты, Бог, Хрыстос… Сама рэлігія за гэты час пераўвасобілася ў службу КГБ ці то ў інтрыгі Ватыкана, а ўніятаў, якіх была некалі большасьць у Беларусі, засталося 1%. Царква цяпер пад гнётам спэцслужбаў рэжыму.
Але гэты прыгнёт застаецца па-за настройкамі Паўла Севярынца так, быццам гаворка ідзе пра ўсе цэрквы, сабраныя ў адзін артыкул пра рэлігію.
Скажам, калі параўноўваць становішча ў Беларусі і Ўкраіне, мы пабачым жывую паўнавартасную структуру там і літаральна пачаткі дзейнасьці неабыякавах людзей пад рэпрэсіямі тут. Дэсакралізацыя настолькі моцная, што людзі ахватней асацыююць сваю веру з культурай.
Калі браць малюнкі храмаў, а іх больш за 70, дык, здаецца, увесь гэты візуальны шэраг гатовы расказаць сваю гісторыю, з крыўдаў і скаргаў, якіх за гісторыю сабралася вялікае мноства. Здаецца, толькі ў адным подпісе застаўся гэты сьлед: “Спаская царква ў Заслаўі, касьцёл і кальвінскі збор ХVI cт.”
А, скажам, усьпенская царква ў Сар’і (так гэты храм называецца цяпер), збудаваная як нэагатычны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, пасьля паўстаньня Каліноўскага забраны РПЦ — “з прычыны яго прыгажосьці”.
Увогуле менавіта ў параўнаньні старой пераважна каталіцкай архітэктуры з пазьнейшымі праваслаўнымі ўзорамі візуальна пазнаецца і ўспрымаецца вялізная эстэтычная розьніца Беларусі эўрапейскай і Беларусі залежнай падрасейскай, за якой ня проста камяні, а пакуты і цярпеньне многіх пакаленьняў нашых продкаў.
Вось усьпенскі сабор у Віцебску, збудаваны ў стылі віленскага барока як езуіцкі, а пасьля ўніяцкі храм. Адноўлены ўжо як сабор РПЦ. Ці абарончая царква ў Мураванцы, таксама адабраны на карысьць РПЦ уніяцкі храм. Тое самае з абарончай царквой у Сынковічах — храмам, які належаў да Канстантынопальскага цэнтру, быў тым, што называюць старым беларускім праваслаўем, а сёньня далучана да РПЦ. Тое самае зь вялікай колькасьцю храмаў, збудаваных у стылі віленскага барока, якія належаць маскоўскаму патрыярхату Расеі. Тое самае зь менскім касьцёлам бэрнардынак, які цяпер катэдральны храм РПЦ. І сабор РПЦ у Мазыры быў збудаваны як касьцёл пры кляштары бэрнардынцаў… На жаль, гэта тыповыя гісторыі, і расейскія назвы храмаў — быццам пячатка, якая пад сьвятасьцю быццам зацьвярджае колішнюю несправядлівасьць.
***
Сьвятое — увогуле ці можа быць да дзяржавы ў цэлым, зь яе прымусовымі інстытутамі, турмамі і цяперашнім афіцыйным канцэптам Беларусі — рускамоўнай, камуністычнай паводле крыві, антыэстэтычнай… Тое, што ў іх у галовах. Але мы тут цяпер — іхным стараньнем — эмігранты. Магчыма, каб ізноў сакралізаваць слова “Бог”, трэба зьмяніць адносіны да таго, каго ён стварыў паводле падабенства свайго.
У кожным разе гэта як вера пэўных людзей. Вера, якая па ідэі, мусіць быць/стаць вераю для ўсіх. Стаць дзеяньнем для ўсіх. Насуперак моцнаму супраціву. Ня проста дэклярацыя таго, што мусіць быць, але ня ёсьць для вертухая і пракурора. Трэба прызнаць, што гэтыя людзі пазбаўленыя ўяўленьня, яно замінала б ім выконваць загады. Успрымаць людзей і краіну так, як прапануе Севярынец:
“Але з часам я пачаў разумець, што малітва — гэта не толькі пра тое, пра што ты просіш. Яна пра тое, ці даеш ты Богу быць побач з табой насамрэч, а не толькі ў словах. І калі ты гэта дазваляеш, нават у самых цяжкіх умовах з’яўляецца адчуваньне ўнутранай прасторы, якую ўжо нельга адабраць.
Але менавіта там я раптам асабліва востра адчуў: Беларусь — не проста краіна. Не проста зямля паміж усходам і захадам. Беларусь — гэта тое, што Бог уклаў у сэрца. І калі ўсё астатняе адбіраюць, яна застаецца”.
***
Кніга пра ўяўнае. Калі вы адчуваеце падобную настроенасьць, яе можна чытаць як практычны параднік для выжываньня ў турме. То бок трэба разумець, што чытаньне — гэта і ёсьць праца з уяўным. І тут пытаньне — як са сваім уяўленьнем знайсьці сабе аднадумцаў як сярод іншых людзей, так і сярод тых, хто пазбаўлены ўяўленьня. Можна хіба калі гэтыя думкі возьме на ўзбраеньне дзяржава, тая самая, што сёньня начыста пазбаўленая ўяўленьня.
Каб паверылі ў тваю ўяву, ключавое слова — вера, каб паверылі. Канструкт змыкаецца ў сэнтэнцыі “Вера, мова і памяць — тое, на чым трымаецца нацыя”. У прынцыпе гэта як пераход да віду, чаму нацыя — гэта тое за што ганарова памерці. Але вера тут — уяўнае, у што трэба паверыць. І тут прыгадваецца Леў Талстой і ягонае даказваньне, што ня Веры ў Бога трэба патрабаваць, а веры Богу.
***
Я згадваю, як паўстаў беларускі рух майго часу, маю на ўвазе менскую “Майстроўню” амаль паўвека таму. Важным тут было адкрыцьцё несавецкай беларушчыны. І поўная супрацьлегласьць яе беларушчыне школьнай, савецкай. То бок калі ты ў школе глядзеў на беларускія ўрокі як на тое, што табе ніколі не спатрэбіцца ў жыцьці, а так глядзелі ўсе, у тым ліку і настаўнікі, дык раптам адкрыўшы для сябе несавецкую, а дакладней дасавецкую беларушчыну, мы адчувалі яе як свой адабраны скарб. Галоўнае, чым прамяніла тая беларушчына — гэта яе прыроднасьць і годнасьць, чаго цалкам была пазбаўленая беларушчына школьная.
Ня ведаю, ці можна назваць клясычны правапіс Тарашкевіча сакральным і ці можна лічыць савецкі правапіс антысакральным, але гэтае пытаньне адчувальна цікавіць мяне. І ўвесь беларускі нефармальны друк, які выходзіў у канцы 80-х – пачатку 90-х выходзіў тарашкевіцай, тут пытаньняў не ўзьнікала. Усё прымалася, як і вяртаньне рэлігіі. Нейкія зьмены тут пачнуцца са зменей улады на цяперашнюю. Цікава, што ўвесь беларускі царкоўны і нецаркоўны друк (а гэта першая палова ХХ ст.) выходзіў у Вільні тарашкевіцай або лацінкай. У той час, як у атэістычным Менску праводзілі моўную “рэформу” і расстрэльвалі паэтаў і мовазнаўцаў.
Крыху дзіўна, што Павал зрабіў часткай сваёй аўтарскай канцэпцыі школьны правапіс. Але для мяне гэта справа адчуваньняў, і я дакладна ведаю, што школа рабіла мяне расейцам, а несавецкая беларушчына — наадварот.
З уласнага прыватнага досьведу Севярынец настойліва выводзіць пэўнага кшталту пэрсанальную тэрапію, якая, відавочна, палягчае яму знаходжаньне ў турме, якая сыстэматызаваная і мэтанакіраваная можа стаць прыкладам выжываньня для іншых.






