У нямецкім выдавецтве Mauke Verlag выйшаў пераклад кнігі беларускай пісьменніцы Юлі Арцёмавай “Я и есть революция” (“Ich bin die Revolution”), якая ў арыгінале выходзіла ў выдавецтве “Пфляўмбаўм”. Перастварыў кнігу па-нямецку перакладчык Якаб Вундэрвальд.

“Тэкст шмат у чым пакаленчы: ён расказвае пра надзеі і няўдачы міленіялаў, пра 2010-я гады, час, які зараз здаецца надзвычай далёкім, але на руінах якога мы ўсё яшчэ жывем. Галоўная гераіня, маладая фатографка Дар’я, перажывае розныя пробліскі надзеі той эпохі — яна ўдзельнічае ў пратэстах на Плошчы ў Мінску ў 2010 годзе, потым едзе ў Кіеў у пошуках свабоды, дзе трапляе ў расстрэл на Майдане. Пазней яна перабіраецца ў Маскву ў пошуках асабістай і прафесійнай рэалізацыі, далучаецца да руху анархістаў, панкаў і нонканфармістаў, якія, як напісаў адзін рэцэнзент, «адмаўляюцца паміраць на каленях». Як чытач, вы трапляеце ў задымленыя, шумныя кухні, у пошукі трансцэндэнтнасці ў смузе ап’янення, у спробы Дар’і неяк скласці ўласны жыццёвы план, насамрэч безвынікова.<…> Тэкст вібруе — маёй мэтай было перадаць гэты досвед на нямецкай мове”, — каментуе выхад кнігі перакладчык Якаб Вундэрвальд (Jakob Wunderwald) і дадае: “Сёння сувязі, пра якія гаворыцца ў кнізе, больш не існуюць; яны пахаваны пад правалам беларускай рэвалюцыі 2020 году, за якой паследавала расійскае паўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Немагчыма чытаць кнігу без суму, але яна ўсё яшчэ трымае ў сабе той падставовы ўздым, імкненне да іншага, лепшага, больш свабоднага жыцця, якое пракацілася па вуліцах беларускіх гарадоў у 2020 годзе — і разам з тым перадае адчуванне неразвязанай безвыходнасці для пакалення”.
Кнігу Юлі Арцёмавай “Ich bin die Revolution” можна набыць праз сайт выдавецтва, або на папулярных маркетплэйсах і афлайн-кнігарнях Нямеччыны.






