Новае беларускае выдавецтва Bukinist:ka Press анансавала выхад першай кнігі. Адкрыты перадзаказ на кнігу Кацярыны Оаро “У вас такі мілы акцэнт” у перакладзе на беларускую мову. Гэта твор пра тое, як пакідаць адно жыццё і ўбудоўвацца ў другое, але пры разам з тым заставацца сабою побач з Іншым.
Ёсць выразы, якія ў чужой краіне чуеш часцей за іншыя — і “у вас такі мілы акцэнт” адзін з іх. Спачатку ў ім чуеш цікаўнасць і цеплыню, а потым разумееш: гэта ветлівы спосаб сказаць “вы адкуль?”, “вы не адна з нас”.
Кацярына Оаро, пісьменніца з Беларусі і аўтарка кніг “Сарочае радыё” і “Держись и пиши”, сабрала кнігу пра тое, як гэта — пакідаць адно жыццё і ўбудоўвацца ў другое. Гэтыя нататкі вязуць чытачку па краінах і эпохах, але галоўнае падарожжа адбываецца ўнутр сябе.
Тут няма прамога сюжэту: гісторыі счэплены не храналогіяй, а памяццю і асацыяцыямі — то французскі Ліль, то італьянскі Турын, то Беларусь, то зноў Францыя. Паліцыянты з аўтаматамі ў метро, якіх не варта баяцца. Сабака, якога цэлы горад выводзіць з ракі на святло тэлефонных ліхтарыкаў. Італьянец, які кажа: “Ты прыехала ў госці і раскрыла сэрца”.




“Часткова гэта кніга пра эміграцыю. Але па-сапраўднаму — пра дом, які мы будуем самі, звонку і ўсярэдзіне. Пра тое, як заставацца сабою сярод людзей, чые звычкі, перакананні і каштоўнасці не супадаюць з тваімі. З Іншым мы сустракаемся не толькі на мяжы дзяржаў: дастаткова памяняць горад, працу, кола сяброў ці сямейны статус.
Тут будзе і смешна, і сумна — часам у адным абзацы, з той цёплай самаіроніяй, якая дазваляе абняць сябе за плечы і сказаць: усё будзе добра”, — абяцаюць у выдавецтве.
Да 12 ліпеня можна зрабіць папярэднюю замову кнігі на сайце bukinistka.store.
Што чытачы атрымаюць у перадзамове:
➤ прыгожую, якасную кнігу, якую прыемна чытаць самому і дарыць іншаму
➤ электронную версію ў падарунак (праз 2 месяцы пасля выхаду папяровай)
➤ запрашэнне на анлайн-сустрэчу з аўтаркай — паразмаўляць пра кнігу і жыццё
➤ торбу-шопер, дызайн якой будзе выбірацца разам, праз галасаванне
У беларускай версіі кнігі, якая раней выходзіла па-расейску з назвай “Европа во мне”, свая адмысловая вокладка аўтарства мастачкі Анны Кіпарыс, ілюстрацыі ўнутры — Варвары Фраловай.






