У выдавецтве “Дыграф” выйшла кніга Марыі Вайцяшонак “Казкі старога лецішча” для маленькіх чытачоў і іх бацькоў. Пісьменніца стварыла не проста казачныя сюжэты, а цэлы філасофскі свет, пабудаваны на глыбокай павазе да ўсяго жывога.
Гэтыя казкі нарадзіліся там, дзе час цячэ паводле законаў прыроды: на старым лецішчы ў Іслачы і на новым — у Сілічах. Персанажы Марыі Вайцяшонак — вясковыя, лясныя і садовыя жыхары, якія любяць, мараць, шукаюць сваю долю і вырашаюць вечныя праблемы дабра і зла. Гэтая кніга — сустрэча з Беларуссю чароўнай, дзе кожная істота мае гісторыю і мае сваю душу.




Вы калі-небудзь задумваліся, пра што размаўляюць старыя рэчы ў дачных хатках, калі гаспадары з’язджаюць у горад? Якія сакрэты тояць у сабе кветкі ў садзе і вецер, што заблытаўся ў кронах дрэў? Гэтая кніга — як ціхая размова з самім сабой. Яна пра тое, як важна заўважаць магію ў звычайным тумане ці ў рыпенні дзвярэй.
Над афармленнем кнігі працавала мастачка Святлана Рыжыкава.
“Казкі старога лецішча” Марыі Вайцяшонак можна набыць у “Кніжнай шафе”, “Акадэмічнай кнізе”, а таксама замовіць праз Wildberries.
Водгук на кнігу можна пачытаць на сайце з навінкамі беларускай літаратуры.
Загалоўнае фота з інстарама “Кніжнай шафы”






