Вайцяшонак Марыя Антонаўна (нар. 3.5.1942, Змяінагорск, Алтайскі край, Расія). Паэтэса, празаік, публіцыст. Уваходзіла ў склад сябраў СБП.
Пасля смерці бацькоў выхоўвалася ў дзіцячых дамах Змяінагорска, Масквы, Ракава. Працавала на Мінскім камвольным камбінаце прадзільшчыцай, адначасова вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на філалагічным факультэце (скончыла ў 1972). Працавала ў школах вёсак Боркі, Роўбіцк Пружанскага раёна, Схоліна, Дунілавічы Пастаўскага раёна, у Мядзелі, выхавальніцай дзіцячага сада ў Мінску. З 1974 г. на журналісцкай працы ў “Сельской газете”, часопісах “Нёман”, “Беларусь”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1990 г.
У друку выступае з 1959 г. Аўтар кніг нарысаў “Сярод блізкіх людзей” (1988), “Жанчына каля люстэрка” (Мінск, 1993), кніг паэзіі “Серпень” (Мінск, 2009), “Асадніца” (Мінск, 2010), “Сонцаварот” (Мінск, 2012), “Гняздо агню” (Мінск, 2014), “Тварам да зімы” (Мінск, 2016), “Альбом для цёткі Марылі: выбраныя творы” (Вільня, 2019), “На прызбе ў Сілічах” (2023).