У Швецыі выходзіць кніга пра Беларусь аўтарства Інга Пэца

Кніга нямецкага журналіста, пісьменніка і даследчыка Інга Пэца “Rasender Stillstand: Belarus — eine Revolution und die Folgen” у арыгінале пабачыла свет у 2024 годзе, а ў жніўні выходзіць у перакладзе на шведскую ў выдавецтве Bokförlaget Stolpe.

Кнігу “Belarus: En revolution och dess följder” (Беларусь: рэвалюцыя і яе наступствы) на шведскую з нямецкай пераклаў Нільс Хокансан (Nils Håkanson).

“Тое, што кніга з’яўляецца на шведскім кніжным рынку, на маю думку, не выпадковасць, бо Швецыя, як краіна-піянер, рана пачала адкрываць для сябе сучасную беларускую літаратуру і культуру, тым самым забяспечваючы мастакоў і пісьменнікаў з Беларусі новымі платформамі і мастамі, інтэгруючы іх у еўрапейскі дыскурс. Гэта прывяло да пашырэння цікавасці і большай уключанасці ў справы краіны, якія сярод іншага прадугледжваюць падтрымку беларускага дэмакратычнага руху, грамадзянскай супольнасці і СМІ. Кніга выйдзе ў жніўні, а ў канцы верасня я стану госцем Гётэборгскага кніжнага кірмашу, каб прадставіць яе і абмеркаваць з экспертамі беларускую тэматыку”,падзяліўся навіной у сацсетках Інга Пэц

Журналіст і пісьменнік Інга Пэц амаль трыццаць гадоў вывучае Беларусь, і ў гэтай кнізе ён разглядае як падзеі, якія прывялі да рэвалюцыі 2020 году, так і яе наступствы. Тут ён адказвае на такія пытанні, як: які ўплыў рэпрэсіі рэжыму аказалі на грамадства? Як выглядае паўсядзённае жыццё ў цяперашняй Беларусі? Што рухае прыхільнікамі рэжыму? І якія ёсць магчымасці для змен? “Беларусь: рэвалюцыя і яе наступствы” — гэта кранальная і актуальная кніга пра рэпрэсіўную дыктатуру ў непасрэднай блізкасці ад Швецыі.