Увосень выйдзе альбом творчай спадчыны Алеся Пушкіна


У межах праграмы ArtPower Belarus мае выйсці вялікі альбом Алеся Пушкіна. Каманда ініцыятараў праекта апрацавала архіў матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю мастака і падрыхтавала выдавецкі макет мастацкага альбома. Выхад выдання запланаваны на восень 2026 году.

Адным з важных вынікаў працы над выданне стала развіццё і напаўненне старонкі-памяці alespushkin.com. Сёння там прадстаўлена каля 300 твораў Алеся Пушкіна: жывапіс, графіка, перформансы, роспісы, іканапіс, кніжная ілюстрацыя і іншыя працы. У архіўным раздзеле сабраныя інтэрв’ю мастака, даследчыя тэксты, успаміны і матэрыялы пра ягоную творчасць.

Падчас працы значна павялічыўся аб’ём архіва. Удалося сабраць невядомыя або цяжкадаступныя матэрыялы: прыватныя фотаздымкі, перапіску, аўдыёзапісы, сведчанні сучаснікаў, творчыя справаздачы і дакументы. Частка з іх захоўвалася ў прыватных архівах людзей, якія працавалі з мастаком у розныя гады.

Будучы альбом на больш як 250 вялікафарматных старонках прадставіць ключавыя аспекты мастацкай дзейнасці Алеся Пушкіна — ад жывапісу і перформансаў да сакральнага мастацтва і грамадскіх акцый.

Прадмову да выдання падрыхтаваў Сяргей Харэўскі. Агляд духоўнай творчасці мастака напісала Эла Дзвінская.

Калі вы маеце якасныя фотаздымкі прац, арыгінальныя матэрыялы, дакументы або іншыя сведчанні, звязаныя з жыццём і творчасцю Алеся Пушкіна, калектыў праекта просіць дасылаць іх на пошту: alespushkin@proton.me

Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.