У італьянскім выдавецтве WriteUp выйшла з друку кніга выбранай паэзіі Алеся Разанава “Sumus ne simus”. У зборніку пададзеныя беларускія арыгіналы вершаў і пераклады на італьянскую ды нямецкую мовы. Над перакладамі працаваў цэлы калектыў аўтараў, у тым ліку Мая Галаванава і Томас Вайлер, які выступілі і ў ролі рэдактараў-укладальнікаў кнігі.
“Вялікі дзякуй выдавецтву WriteUp і Фонду Фішэра за падтрымку праекта, Ульяне Верынай за грунтоўную прадмову да тому, Алесандра Акілі за праслухоўванне і цярплівае чытанне італьянскіх тэкстаў, усёй калегіі серыі Contesto”, — дзеліцца навіной перакладчыца Мая Галаванава.
Аўтарка ілюстрацыі для вокладкі — Святлана Дземідовіч.
Як адзначаецца ў анатацыі ад выдавецтва, кніга нарадзілася з глыбокага жадання ўкладальнікаў несці ўніверсальны голас паэта Алеся Разанава па-за якія-колечы межы.
У выдавецкай серыі Contesto ў 2024 годзе выходзіла кніга перакладаў на італьяскую мову беларускай паэзіі апошніх дзесяцігоддзяў — “Il mondo è finito e noi invece no: Antologia di poesia bielorussa del XXI secolo” (Свет скончыўся, а мы не: анталогія беларускай паэзіі 21 стагоддзя).






