Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта выпусціла калектыўную манаграфію “Białoruś oczami młodych. Studia nad dekolonizacją” (“Беларусь вачыма моладзі: даследаванні па дэкаланізацыі”) пад рэдакцыяй прафесара Андрэя Масквіна.
Да ўдзелу ў шматаўтарскай манаграфіі былі запрошаны маладыя даследчыкі: студэнты і аспіранты кафедры беларусістыкі, дактаранты з Доктарскай школы гуманітарных навук Варшаўскага ўніверсітэта і Доктарскай школы ў Чыкага (ЗША), а таксама незалежныя даследчыкі.
Аўтары выдання разглядаюць розныя пытанні, такія як антыімперская думка, якая сустракаецца ў кананічных тэкстах Канстанціна Каліноўскага, Францішка Багушэвіча і Вацлава Ластоўскага; сляды савецкай рэальнасці і месцы памяці ў кнізе “Хлопчык і снег” Альгерда Бахарэвіча; вобраз перыяду адлігі ў сучаснай літаратуры (на прыкладзе аповесці Уладзіміра Някляева); гібель беларускага мястэчка і становішча габрэяў у Беларусі падчас Першай сусветнай вайны; адлюстраванне Халакосту ў тэатры; “Беларускі правапіс” (1941).






