У выдавецтве “Тэхналогія” пабачыла свет кніга “Дайце клею, бо самлею, або Загадкі беларускіх фразеалагізмаў”, якая ёсць вынікам даследаванняў доктара філалагічных навук Міколы Даніловіча.
У анатацыі гаворыцца, што чытачы дазнаюцца, што азначаюць народныя выразы вароты каўбасамі завязваць, прайсці Крым і Рым, што ў касцелі то ў пасцелі, усе козы ў золаце, багатыя ноч разбяруць, жалезнага бобу пад’есці? Якімі з’явамі рэчаіснасці і гістарычнымі падзеямі гэтыя выразы матывуюцца? Якімі спосабамі ўтвораны? У якіх мясцінах Беларусі ўжываюцца?
А на сайце “Новыя беларускія кнігі” з’явіўся разгорнуты водгук на кнігу, у якім тлумачыцца, што “гэта не слоўнік, не зборнік паасобных артыкулаў і не дысертацыя (хоць відавочна, тэкст грунтуецца на ёй і часткамі публікаваліся ў профільных выданнях). Хутчэй гэта навукова-папулярнае выданне, якое можа быць цікавае ўсім, хто неабыякавы да беларускай мовы як аматар і як прафесіянал. Кніга не перагружаная тэрміналогіяй, даступная выкладам для старэйшых школьнікаў, а прыгожых прыкладаў у ёй столькі, што можна проста слізгаць вачыма па моўных залацінкаў і захапляцца трапным народным слоўцам”.
“…Кожны кароткі выраз – канцэнтраваны, крэпкі, як самапальны трунак, экстракт вобразу, фінал показкі, які ўмясціўся ў пару словаў – кульмінацыя гумару і народнай мудрасці (часам, аднак, гэта фінал ужо забытай гісторыі, якая ўтрымлівала тлумачэнне і падводку да эфектнай высновы). Нездарма фразеалагізмы часта называюць мікратэкстамі. Іх можна смакаваць як кактэйльны глыток, аднак не заўсёды лёгка здагадацца пра складнікі напою. Разгадаць зблытаны клубок сэнсу дапамагае “пашпартызацыя” выразу і гістарычныя росшукі аўтара”, поўны тэкст водгуку на кнігу Міколы Даніловіча чытайце на сайце Bellit.store.






