Сёння сустрэча з аўтарамі кнігі “Руіны Беларусі” + анлайн

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, які з’яўляецца сувыдаўцом кнігі “Руіны Беларусі” (у супрацоўніцтве з Галерэяй Арсенал з Беластоку), падрыхтаванай архівам VEHA, запрашае на сустрэчу, прысвечаную гэтаму выданню і наогул працы з памяццю, архівамі і дакументаванню спадчыны.

У кнізе змешчаны фотаздымкі разбураных помнікаў архітэктуры, што паходзяць з 45 сямейных і публічных архіваў, у тым ліку са збораў Цэнтра беларускай культуры. Тэкст прадстаўлены на трох мовах: ангельскай, беларускай і польскай.

Кніга “Руіны Беларусі” складаецца з калекцый фотаздымкаў зробленых на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 19-20 ст. Гэтая кніга-даведнік на трох мовах расказвае пра лёс нашых збудаванняў. У свой час уся ранейшая архітэктура Беларусі была пад пагрозай знішчэння – войны, нядбайнасць, дзяржаўны гвалт руйнавалі замкі і касцёлы, ратушы і цэрквы, сінагогі і хаты. Мноства іх знікла без следу на зямлі, але засталося на фотаздымках. Ёсць і выратаваныя, яны ствараюць нашае асяроддзе, увасабляюць гісторыю даўніны. Іншыя працягваюць разбурацца і патрабуюць нашай дапамогі, каб не знікнуць канчаткова.

Мерапрыемства можна глядзець 15 снежня, панядзелак, а 17.00 па Варшаве на YouTube-канале фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які з’яўляецца партнёрам падзеі.

У сустрэчы возьмуць удзел:

Леся Пчолка – дырэктарка архіва VEHA, аўтарка канцэпцыі, куратарка праекта, фотарэдактарка
Ася Хмыз – адказная за каталагізацыю архіва VEHA і апісанні помнікаў архітэктуры ў “Руінах Беларусі”
Уладзімір Грамовіч – мастак, аўтар уступнага эсэ да “Руінаў Беларусі”
Анатоль Вап – дырэктар Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку
Ілона Карпюк – намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку

Мовы падзеі: беларуская, польская.

Афлайн: 15 снежня (17.00), Беласток, Galeria Arsenał (ul. Adama Mickiewicza 2). Уваход вольны.

Таксама анлайн-трансляцыя будзе даступная на старонках у FB: /GaleriaArsenal, /centrumkulturybialoruskiej,  /archive.veha  i /pradmova.