Сяргей Дубавец пра “спрынтарскую паэму ўласнага жыцця” Макса Шчура — падкаст

У чарговым выпуску аўтарскага падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец рэфлексуе па прачытанні 900-старонкавай аўтабіяграфіі Макса Шчура “Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе”. Ці сапраўды касцяком кнігі выступае сэкс, як на асобе пісьменніка адбілася працяглая гісторыя эміграцыі і ці здолеў бы нехта іншы напісаць вывераную зрокам празаіка спрынтарскую паэму ўласнага жыцця.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Якога аб’ёму мусіць быць кніга, каб у яе зьмясьцілася аўтабіяграфія пісьменьніка? Памятаю колішні савецкі том, які называўся “54 дарогі” — столькі там было жыцьцяпісаў беларускіх пісьменьнікаў — як вагонаў у грузавым цягніку паводле савецкага стандарту. У дзяцінстве я часта заміраў каля таварняка, які рушыў міма, лічыў вагоны, і пераконваўся, што іх 54. Сёньня паводле стандарту заходняга аўтабіяграфічны раман складае тысячу і болей старонак. 

У выпадку Макса Шчура гэта прэцэдэнт заходняга стандарту: раман у  дзьвюх кнігах, агулам больш за 900 старонак — разам зь вершамі, фрагмэнтамі ранейшых кніг, цытатамі, аналітыкай ды чым заўгодна яшчэ.

Касьцяком кнігі сам аўтар называе сэкс (складаецца зь першых літар назвы). Сэкс разглядаецца ўва ўсёй паўнаце ўвасабленьняў — ад першага адчуваньня ўласнай цялеснасьці да адбіткаў у сусьветнай і беларускай культуры, філязофіі, фальклёры. Усё астатняе, на думку Макса Шчура, гэта — мяса. Магчыма, дзесьці ў гэтай спрошчанай схеме двухтомніка схавалася і энэргія. Але наперадзе ў нас вялізны шлях і, напэўна, дзесьці там абавязкова зьявіцца і яна, энэргія альбо талент аўтара, які абавязкова ажывіць гэты касьцяк зь мясам. Словам, пачынаем чытаць.

***

Уводзіны ў тэму грунтоўныя, але і лёгка чытэльныя, яны сканчаюцца роўна на 17-й старонцы, там, дзе звычайна ставяць бібліятэчны штамп. І пачынаецца захапляльная гісторыя роду аўтара, чые продкі зь незвычайнымі прыгодамі блукалі па сьвеце паміж Аргентынай і Сібарам, а ўрэшце асталяваліся ў Беларусі.

Людзі аднолькавыя ці моцна падобныя ў сваіх аўтабіяграфіях савецкага стандарту, але тэксты заходняга жанру прыводзяць да адваротнай высновы, і тэксты пра сваё жыцьцё сярэднестатыстычных людзей, якія побач ідуць па вуліцы, заўсёды акажуцца рознымі і нечаканымі, як адбіткі пальцаў. Гісторыя роду Макса Шчура да ягонага нараджэньня, на маю думку, магла быць і не настолькі канспэктыўнай, хоць гэта не ягоны ўласны досьвед, а так бы мовіць — з пачутага. У кожным разе адчуваеш, як такі расповед узвышае чалавека, вылучае яго з масы, сьцьвярджае яго адметнасьць і каштоўнасьць.

На працягу ўсёй кнігі аўтар раз-пораз задаецца пытаньнем: для каго ён піша, ён то пагружаецца ў стыхію пісьменьніцтва, то фліртуе зь ім, то аддзяляе сябе ад яго:

“Што ж — я, як той казаў, «не наймаўся» вас забаўляць — я забаўляю, як я ўжо казаў, выключна сам сябе. Вас хай забаўляюць акурат тыя, хто «наймаўся» — так званыя пісьменьнікі“.

Аўтабіяграфізм, заўважае аўтар, не абрыдае ніколі, у адрозьненьне ад іншых жанраў. І менавіта заходні літаратурны стандарт служыць гэтаму адкрыцьцю, як самы чысты эксклюзіў, як, між іншым, зьява цалкам антысавецкая, што працівіцца хоць якой прапагандзе. Характэрная рыса Шчура — ён ухваляе аўтабіяграфізм і ён жа змагаецца зь ім, дакладней, з уласнай датычнасьцю да цэхавага калектывізму беларускіх пісьменьнікаў, які даводзіцца пераадольваць. Гэта няпроста, бо ніхто ў тваім цэху яшчэ не пісаў маштабнага “аўтабіяграфізму”.

Інакш кажучы, гэта кніга пра літаратуру і сваё месца ў ёй. Гэтая тэма застаецца для аўтара таямніцай, як мне падалося, нашмат большай за сэкс, які, у сваю чаргу, названы і нічым не схаваны, а таму — адкрыты, як у нататках сэксоляга, ён не таямніца, проста тэма. Праўдзівай энэргіяй напоўненая тэма сябе ў літаратуры:

“А напружвацца, як і згадваць свае абкаканыя штонікі, любіць (за выключэньнем майго недасяжна таленавітага сябра Пашы Касьцюкевіча) мала хто. Бо гэта чарговы раз пагражае абкаканымі — цяпер ужо фігуральна — штонікамі. У сэнсе, што згадваць асабліва няма чаго і дзеля чаго”.

Па-мойму, тут важна, што згадваеш ня столькі какашкі, а, напрыклад, свой першы сорам і тое, з чаго ён бярэцца. Чалавек не нараджаецца з сорамам і, мяркую, у кожнага ён узьнікае ў пэўнай сваёй сытуацыі. Як і з чаго — вялікае пытаньне. Можа быць, з натацыяў дарослых, з прысаромленьня… А калі натацыяў не было?..

Праз многія старонкі аўтар вяртаецца да свайго ўласнага колішняга канфузу менавіта на гэтую тэму:

“Але ўсё ж першым чынам па прыезьдзе ў піянэрлягер я абкакаўся — не ад шчасьця, а праз тое, што піянэрважатыя пастанавілі замкнуць нашую вялікую хлапечую спальню на ноч… Вестка пра тое, што ў першую ж ноч нехта з хлопцаў абдзелаўся, разьнеслася па лягеры. Мне здавалася, што ўсе ведаюць, што нехта — гэта я. Ад сораму мяне проста пераклініла. Я ня мог ні з кім размаўляць, некалькі дзён хадзіў, як у ваду апушчаны. Астатнія пра гэта хутка забыліся, адразу як з пакою выветрыўся смурод, але я яшчэ доўга адчуваў на сабе няіснае таўро ўсеагульнай пагарды”.

І хоць аўтар знаходзіць прычынай свайго канфузу выхавацеляў, якіх ён называе ідыётамі, чытачу яны да лямпачкі. Абкакаўся то ня хтосьці яшчэ, а менавіта Макс Шчур. Магчыма, якраз тут месца, каб прааналізаваць гэты канфуз, а не пакідаць яго незагойнаю траўмай. Зь іншага боку, гэта можа быць задача для чытача, які мае шанец адчуць сябе псыхааналітыкам.

***

Задаюся пытаньнем: што цікавей — сюжэты з гісторыямі ці рэфлексіі аўтара зь бясконцым цытаваньнем іншых? У мяне асабіста на рэфлексіях цікавасьць гасьне, я чакаю сюжэтаў. То бок, яшчэ адна рыса цікавых успамінаў — гэта іх сюжэтнасьць і эксклюзіўнасьць, бо так і тое здаралася толькі з табой і больш ні з кім. Раскажы “сваімі словамі”. Рэфлексія заўсёды другасная і што б ты ні напісаў, ты разумееш, што “дзесьці ў літаратуры” гэта ўжо было, нават калі не было — не праверыш.

Аўтар дэкляраваў тэмай кнігі сэкс. І тут я ня ўпэўнены пра эксклюзіўнасьць ягоных думак, эксклюзіўнай будзе ня думка, а сюжэт. Вось прыклад сюжэтнасьці:

“Ніколі не забуду Ганну, польскую дзяўчыну з праскага інтэрнату: о, як прыўкрасна яна рагатала, ледзь ня падала з ног, калі мы ўсёй кампаніяй ішлі цёмным восеньскім вечарам пад Нусэльскім мостам самагубцаў. Дагэтуль я на яе амаль не зважаў (яна была вышэйшая за мяне на галаву, бяз шансаў), але акурат у той момант мне адразу ж папросту дзіка закарцела спазнаць яе інтымна. Мяне ўпершыню напаткала інстынктыўная здагадка, што ейная здольнасьць гістэрычна, да сьлёз сьмяяцца нейкім чынам наўпрост зьвязаная зь ейнай пачуцьцёвасьцю, здольнасьцю дасягнуць (ці нават дасягаць) аргазму”.

Такія месцы, а іх у рамане шмат, ажыўляюць аўтабіяграфічны тэкст.

Вось яшчэ адзін прыклад:

“У падлеткавым узросьце я даволі часта пытаўся ў маці пра тое, што такое роды і наколькі гэта вялікі боль. Яна казала: «Такі, быццам выкручваюць рукі»”.

Дэталь, якая можа надоўга пакінуць чытача ў задумленьні.

***

Для каго піша аўтар? — ізноў паўстае гэтае скразное пытаньне. Аказваецца, што ня толькі для “забаўляньня” самога сябе. І часткай гэтага забаўляньня мусяць быць кепікі з чытача, які ўсё ж такі маецца на ўвазе для таго, каб можна было шчоўкнуць яго па носе:

“То бок замест гэтых успамінаў вы маглі б прачытаць любую з маіх паэтычных нізак. Але ж вы іх чытаць ня будзеце. Тым горай для вас”

“Тым горай для вас“ — ня што іншае, як непрыхаваны стымулятар, маўляў, мае паэтычныя нізкі вы проста мусіце прачытаць зараз жа, бо гэта маё вялікае жаданьне. 

Шчырасьць не павінна хавацца, калі чытач даверыўся аўтабіяграфізму і аўтар нідзе сябе не прыхарошвае, як зрэшты, і ня строіць зь сябе кагосьці горшага.

Зь іншага боку, разважаючы пра сэкс бацькоў, Макс Шчур раптам пераходзіць на “мы”: 

“Бачачы або чуючы, як займаюцца каханьнем нашыя бацькі, мы баімся, што яны акурат працуюць над нашым удасканаленьнем, над вырабам новай мадэлі нас саміх, пасьля зьяўленьня якой нас-цяперашніх можна будзе выкінуць на сьметнік…”

То бок гэта ўжо не пра асабісты досьвед, а пра нешта агульнае для ўсіх кажа нам ужо ня аўтар, а мэнтар… Асабліва калі гаворка пра інтымнае, у такой інтанацыі сама інтымнасьць зьнікае.

***

Гэтак паступова мы прыходзім у 1990-я гады — загадкавыя, хоць быццам зразумелыя. Гэта акурат той час, на які ў аўтара мусіць прыпасьці першы рэальны сэксуальны досьвед, час, які будзе прамалёўвацца тэкстамі з газэт, з тэлевізара, але не ў актуалізаваным пераказе. У чым тут рэч? Можа быць, у тым, што з тых часоў нічога ў нас і не зьмянілася, маю на ўвазе дух часу не зьмяніўся і трэба наўпрост цытаваць тагачасныя падзеі з газэт.

Часам у тэксьце зьяўляецца найбольшае, што можа зьявіцца — чароўнасьць, абэртон, калі ты, чытаючы, разумееш, што чытаеш каштоўнасьць. Да прыкладу, калі Шчур піша пра свайго бацьку — паэта, кніжніка, камуніста:

“Я ніколі не размаўляў са сваім бацькам пра сэкс. Ніколі. Гэта была ягоная «вялікая таямніца». «Сэкта Фэнікса», як у Борхэса. «Варты сьмеху сакрэт». Замест размоў пра сэкс мы з бацькам вялі размовы пра Паэзію. Як той казаў, замест scientia sexualis — ars erotica, то бок poetica”

***

Каб узнаўляць у пасьлядоўнасьці карціны свайго жыцьця, Макс Шчур відавочна, шмат працуе зь дзёньнікамі, з ранейшымі сваімі кнігамі, з хронікамі, узгадняе даты паводле дакумэнтаў. Мы ніколі нічога не выкідаем — такі прынцып падкрэсьліваецца не аднойчы. Напэўна, існуе і падрабязны плян вялікага раману. Гэтая спарадкаванасьць адчуваецца.

Але вось ізноў пытаньне: нашто я пішу, зь якой прычыны і для каго? 

“Я пішу гэтую кнігу з будысцкага спачуваньня да сябе самога, але часам ува мне абуджаецца агіда і злосьць на сябе за тое, што я ніяк не пазбаўлюся гэтай патрэбы выказваць сябе ў словах, размаўляць сам з сабой на паперы, што заўсёды азначае — пры сьведках, якія абавязкова потым пачнуць цябе ацэньваць, ставіць «лайкі», пісаць «камэнты» і г. д.”

Жыцьцё няўмольна бяжыць наперад. Макс Шчур пакідае роднае Берасьце і апынаецца ў менскім ін’язе, далей ад бацькоў. Тут ізноў зьмяняецца адказ на пытаньне: для каго я пішу?

“Але, тым ня менш, ёсьць у мяне прыхільнікі і сярод сучасьнікаў. Найвялікшае прызнаньне для мяне — гэта ня столькі нейкая там прэмія ці прыхільная крытыка, колькі водгук знаёмага мне чалавека, сяброўкі ці сябра. Або ліст незнаёмага палітвязьня, у якім ён паведамляе, што, чытаючы мае «Галасы» ці «Ўпырхлікаў», яны рагаталі ўголас усёй камэрай, а пасьля перапісвалі іх ад рукі. Мяне гэта грэе, бо менавіта дзеля таго, каб падтрымаць людзей у цяжкіх сытуацыях жыцьця, я свае кніжкі й пішу”. 

Для каго ты пішаш — як для каго ты жывеш. Адказаў мноства і гэта нармальна, бо мы самі па жыцьці памнажаемся, набываючы іншыя, часам супрацьлеглыя ўвасабленьні.

Студэнцкі час зьмяняе і лексыку твора, зьяўляецца болей мацерных словаў у аўтарскай мове, болей пафігізму і модных на 1990-я слоўцаў, болей астракізму да праяваў дэбільнасьці тагачаснага жыцьця. Хоць мільгаюць і пэўныя “правільныя” рэчы. Калі, напрыклад, студэнты масава галасуюць за бээнэфаўца на выбарах у Менгарсавет Алеся Бяляцкага

Напачатку аўтар згадвае, што ў дзяцінстве на пытаньне “Кім ты хочаш быць?” ён адказваў: замежнікам. І вось напрыканцы 1990-х Макс Шчур піша:

“Увосень таго году я ўжо ўнутрана «сядзеў на чамаданах». Яшчэ ў Берасьці да мяне заходзіў Мінус, папытацца наконт маіх далейшых плянаў на жыцьцё. Мы сядзелі ў нас на кавалёўскай кухні, і я адказаў яму штосьці ў сэнсе:

— Сярога, я звалю з гэтай краіны, так ці іначай, раней ці пазьней. Нейкая прычына знойдзецца. Магчыма — палітычная. Я пакуль ня ведаю як, але гэта ня можа не адбыцца. Я тут жыць ня буду”

У тыя часы беларусы яшчэ ня думалі, што некалі ўцякаць зь Беларусі будуць масава. Але многія ўжо меркавалі што Лукашусь — гэта тая катастрофа, якой ня варта прысьвячаць жыцьцё.

Дзесьці з паловы другой кнігі — аўтар апынаецца ў эміграцыі. Гэта Прага.

Шукаючы аналягаў раману Макса Шчура ў актуальнай беларускай літаратуры, я прыгадваю нядаўнюю кнігу Вала Клемэнта “Круглая square“, таксама важкую аўтабіяграфію, якая выйшла ў кракаўскім выдавецтве Gutenberg. Гэта кніга акурат заходняга стандарту, я апавядаў пра яе ў “Літаратурных зацемках”. На маю думку, яна прыцягнула немалы чытачоўскі інтарэс, але была, так бы мовіць, недаацэненая крытыкай. Нешта падобнае перажывае і Макс Шчур, які піша пра сваю невідочнасьць у беларускім кантэксьце. 

Гэта тлумачыцца як даўнім эмігранцтвам абодвух аўтараў, так і тым самым заходнім стандартам пісьма, што, зрэшты, цяпер ня мусіць замінаць крытыкам, многія зь якіх самі апынуліся на Захадзе.

Урэшце, усё зьменіцца з прыходам у беларускую літаратуру гэтага аўтабіяграфізму, плынь якога, безумоўна, будзе пашырацца.

І яшчэ адна важная рыса гэтага заходняга стандарту. Чытаючы вялізныя аўтабіяграфіі, пачынаеш разумець, што ўрэшце зусім неістотна, які аўтар — “правільны” ці не, пазёр, баязьлівец, самахвал… Пасьля гэткага гераічна доўгага і дэталізаванага паглыбленьня ва ўласнае жыцьцё, аздобленае камэнтарамі і рэфлексіямі, а таксама музыкай і вершамі пачынаеш цаніць найперш гэта, амаль як подзьвіг, бо чытаеш напраўду ня нейкую бздуру ці графаманію, а вывераную зрокам празаіка спрынтэрскую паэму ўласнага жыцьця. Першым крытэрам робіцца тое, што больш ніхто, апроч самога аўтара, ніколі такога не напіша.