У новым выпуску падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец дзеліцца ўражаннямі ад прачытання першых дзвюх частак гістарычнага рамана літоўскай пісьменніцы Крысціны Сабаляўскайце “Silva rerum” у перакладзе Сяргея Шупы. Жарсці, псіхалагізм, сюжэтныя павароты, Вільня як адзін з галоўных герояў і гісторыі людзей ажыўляюць сухую абрэвіятуру ВКЛ.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
***
Поўны жарсьцяў, філязофскіх развагаў, псыхалягічных тонкасьцяў, сюжэтных паваротаў, зьменлівых краявідаў, прадчуваньняў і расчараваньняў гістарычны раман ажыўляе абрэвіятуру ВКЛ — Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, у нетрах якога калісьці народзяцца дзьве мадэрныя нацыі, адна зь якіх стане паўнавартаснай Літвой, а другая — хваравітай Беларусяй, якая будзе стварацца зь вялікім энтузіязмам і бязьмернымі ахвярамі і раз за разам прападаць у хвалях неміласэрнай гісторыі, зноў уваскрасаць і зноў прападаць…
Але тут яны яшчэ разам, і княства іхнае яшчэ вялікае і галоўнае — яшчэ ёсьць, нягледзячы на хоць якія ўнутраныя ды зьнешнія закалоты. І ў мяне ёсьць дзівосная магчымасьць патрапіць у яго — яшчэ цэлае і жывое і, можа быць, даведацца, чаму яно зьнікне, што стане тым вырашальным фатальным фактарам, які зьнішчыць тое ВКЛ, калі на яго месцы ўзьнікнуць тыя дзьве нацыі, адразу як дзьве сястры, а чым далей усё больш чужыя міжсобку, быццам разьляцеўшыся ў космасе ў розныя бакі.
***
Шчыра кажучы, такога мне рабіць яшчэ не даводзілася: пісаць водгук на два першыя прачытаныя тамы перакладу на беларускую раману, калі два апошнія тамы абяцаюць надрукаваць толькі пад Новы год. Гаворка ў “Літаратурных зацемках” — пра літоўскі бэстсэлер “Silva rerum” аўтарства Крысьціны Сабаляўскайце, гістарычны раман, які стаў падзеяй у краінах Балтыі, у Польшчы і далей у сьвеце.
Па ідэі гэты літаратурны твор мусіць прыцягнуць увагу і ў Беларусі ды зьменшыць тую штучна створаную касьмічную адчужанасьць дзьвюх нацый. Дзіва што ён пра Літву, не пра цяперашнюю, а пра тую Вялікую Літву, галоўную частку цела якой складала цяперашняя Беларусь, дзе спляліся лёсы беларусаў, літоўцаў, габрэяў, татараў ды іншых нацый. Мы прысутнічаем тут ня толькі ў пунктах цяперашняй геаграфіі, але і паўсюль, бо, паўтаруся, гэта была на працягу сваіх 500 гадоў адна дзяржава з адной сталіцай — Вільняй. А нават і жамойцкія людзі, мясьціны ды забабоны ўвесь час падаюцца нам знаёмымі, калі не сказаць сваімі.
***
Пра аўтарку гэтага раману я ведаю, што яна дасьведчаны гісторык мастацтва і матэрыяльнай культуры. Я магу дапусьціць, што яна вывучыла вялізныя аб’ёмы архіўных матэрыялаў. Я ўяўляю, што яна аб’езьдзіла ўсе мясьціны, дзе адбываюцца дзеяньні тэтралёгіі. Разумею, што яна дасканала ведае пра Вільню ўсё, і тое, чаго ня ведаюць іншыя. На гэтым, бадай, усе мае характарыстыкі сканчаюцца, бо толкам нічога незвычайнага пра сам твор ня кажуць. Далей пачынаецца містыка. І мне застаецца дадаць, што аўтарка — добрая пісьменьніца. Але гэта больш ужо пра сябе, чытача, і свой густ.
У гэтым бясконцым і бясконца захапляльным тэксьце, дзе ўсё пачынаецца ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVII ст., жывуць самыя розныя людзі і пра падзеі, пачуцьці, развагі, пра ўсё літаральна мы даведваемся празь іх саміх зь іхнымі характарамі, іхным поглядам на сьвет, іхнымі ваганьнямі, развагамі, рэакцыямі. Нават краявіды ці інтэр’еры, партрэты і калізіі — мы бачым іхнымі вачыма. Дык што ж я магу сказаць пра аўтарку?
Хіба тое, што тэкст пададзены сучаснай мовай, дзякуючы чаму тут няма патрэбы спатыкацца аб архаізмы, што на кожным кроку абцяжарвалі б чытаньне. Нішто не замінае руху наперад, нават і наадварот — усё гоніць наперад і наталяе з надзвычайнай сілай чытацкую прагнасьць. Словам, гэта і ўсё, што я магу сказаць пра аўтарку, якая стварыла гэтыя чатары кнігі пра жывое жыцьцё ў ВКЛ.
***
Далей можна, бадай, бясконца распавядаць пра тых, хто жыве на гэтых старонках, што ён бачыць, што робіць і што сабе думае. Бо на першым месцы Вялікай віленскай сагі, яе надзвычай роўнага ўва ўсіх сэнсах апавяданьня — гісторыі людзей. Ад самага першага сказу:
“Тым сьпякотным ліпеньскім днём лета гасподняга 1659 Казімір і Уршуля Нарвойшы ўпершыню пабачылі сьмерць”.
Гэта для пачатку пра тое, як дзесяцігадовыя панскія дзеці-двайняты, Уршуля і Казімір, пахавалі свайго ўлюбёнца ката Маўрыцыя, а празь нейкі час сталі адкапваць, каб глядзець, што зь ім адбываецца пасьля сьмерці і што яно такое — сьмерць.
А сьмерць, між іншым, — сярод галоўных герояў рамана — страшная і сьмешная, адзінкавая і масавая, мімалётная і доўгая ўва ўсіх падрабязнасьцях, у самых розных абставінах: ад старасьці, ад вайны, ад чумы… Але ня меншы галоўны герой і жыцьцё: насычанае і пуставатае, разумнае і дурное, трапяткое і бяздушнае. А яшчэ — каханьне ўва ўсім дыяпазоне сваіх праяваў: ад найвялікшага экстазу да непадзеленага і бясплённага, ад чыстага, амаль боскага, да групавога і садомскага. Калі ж казаць пра герояў канкрэтных людзей, дык іх на гэтых старонках мы знаходзім, я не лічыў, але, бадай, пад сотню чалавек набярэцца.
Яшчэ адзін герой — горад, Вільня. Жыць у Вільні і чытаць пра Вільню, хадзіць па тых самых вуліцах з тымі самымі назвамі, бачыць тыя самыя будынкі касьцёлаў і дамоў, дзе калісьці была чума і крыжы на будынках, у якіх на добраахвотным карантыне цэлымі сем’ямі паміралі людзі… Гэта незвычайна… І мноства трапных назіраньняў за Вільняй, што проста просяцца куды-небудзь у паэтычную анталёгію. Сяброўка ў фэйсбуку выпісала такое:
“…бо толькі на досьвітку ў Вільні бывае такая густая празрыстасьць, якую, нібы заслону, можа адгарнуць рукамі…”
А мне кінулася ў вока вось гэта:
“… у паветры павісла столькі густой нянавісьці, што яе можна было рэзаць нажом“.
Ці такое:
“Халодная, як зьмерзлае пекла, віленская ноч”.
Дзіўная рэч, Вільня ў рамане ніколі ня ўзносіцца, хутчэй наадварот. Але можна сустрэць і бязьмежную закаханасьць у гэты горад. Можа быць, гэта таму, што ты ў ім жывеш? Як растлумачыць той сум па Вільні на мяжы XVII i XVIII стагодзьдзяў?
“Яна сумавала па стуку капытоў і грукаце колаў па бруку… і яна сумавала па бразгаце, зь якім расчыняюцца аканіцы і вокны, па воклічах гарадзкіх вартаўнікоў, па паху гарадзкога бруку, залітага памыямі, смалою і дажджом, па цвырканьні вераб’ёў, па сьмеху, па крыках гандлярак, па бессаромна распусным жаночым хіхіканьні, нават па сьпевах п’янога мінака, па гудзе званоў і па арганнай музыцы з прачыненых дзьвярэй касьцёла, па абрыўках чужой сваркі, што чулася з расчыненага акна, або па гуках упартай арфы, якая ніяк ня слухаецца нязграбных пальцаў, што яе казычуць”.
Але ж гэта пахі і гукі, якіх сёньня не пачуеш у Вільні аж так, каб па гэтым сумаваць. Тым ня менш, гэтыя радкі выклікаюць тое самае сумаваньне, што ў гераіні раману, бо, напэўна, яны настолькі праніклі ў віленскую сутнасьць, быццам прапячаталіся ў віленскім вобразе навечна, як сапраўдная ўласьцівасьць гораду. Ня будзеш жа сумаваць па рынгтонах мабільнікаў ці па газаваньні аўтамабіляў.
Калярытна апісвае аўтарка захоп Вільні маскалямі падчас 13-гадовай вайны. Мы ўсе ведаем пра тыя бясчынствы і іх завадатара атамана Залатарэнку. Але Крысьціна Сабаляўскайце вядзе нас на экскурсію ў панішчаную Радзівілаўскую кунсткамэру. Такім чынам, шляхціц Ян Мацей Нарвойш разам зь сям’ёй уцякае з ахопленай пажарамі Вільні:
“Ян Мацей надзіва спрытна здолеў абмінаць тыя вуліцы, дзе лютавалі п’яныя орды ворага. Едучы запрэжанай клячаю возам, уцекачы пазьбягалі найбольш ахопленых полымем кварталаў і вуліц, па якіх сьцякалі патокі крыві, і толькі цудам прасьлізнулі незаўважанымі міма разрабаванага палаца Радзівілаў, вакол якога сноўдаліся п’яныя да вар’яцтва казакі. Калі іх верхаводы спаражнілі рэшткі палацавага віннага склепа, мучаныя смагай простыя жаўнеры не пагрэбавалі сьпіртам зь вялікіх слоікаў кунсткамэры, у якіх найсьвятлейшы князь Януш Радзівіл некалі трымаў калекцыю звыродлівых дзівосаў прыроды: двухгаловае цяля, эмбрыён з хвастом, аздобленую пёрамі засохлую галаву вэст-індзкага царка, салямандраў і сіямскіх блізьнятаў, а таксама сапраўдную з выгляду русалку, хутчэй за ўсё вырабленую нейкім спрытным заморскім ашуканцам, які сшыў разам паголены торс малпы з хвастом стронгі. Казакаў не адпалохалі гэтыя выбрыкі прыроды, што плавалі ў сьпірце, — рэдкія экспанаты прывідна валяліся ў палацавым двары сярод асколкаў шкла, растопленых васковых фігур гішпанскіх сьвятых, упрыгожаных папяровымі кветкамі і шматкоў алейных карцін, іх тапталі казацкія боты, што хлюпалі па лужынах крыві і мачы”.
Ёсьць і новае пра Вільню, чаго я асабіста ня ведаў, напрыклад, пра жорсткія бойкі студэнтаў Віленскай акадэміі, калі чытача быццам упісваюць у сярэднявечны горад і ён адчувае, нібы ўсё адбываецца сёньня. Тыя студэнты і зьнешне трымаліся розных модаў — адныя каротка стрыжаныя і праставатыя просталінейна адстойвалі дэкляраваную маральнасьць, другія, даўгавалосыя і разьняволеныя, вышэй ставілі сваю прагу быць самімі сабою. Але сваю рацыю яны адстойвалі ня ў дыспутах, а ў сьмяротных бітвах, што ўспыхвалі празь непрыхільнасьць і нават непрымальнасьць розных чалавечых і сацыяльных тыпаў, як вынікае з тэксту, дзе аўтарка не хавае сваіх сымпатыяў да доўгавалосых жакаў, прадстаўляючы іхных антаганістаў як баязьлівых і несправядлівых доўбняў. І калі пасьля адной такой бойкі, куды была ўцягнутая ладная частка віленчукоў і нават замежнікаў, рэктар выклікаў да сябе двух лідараў гэтых студэнцкіх групаў, даў ім сьпісы студэнтаў і прапанаваў выкрасьліць шасьцярых, хто найбольш вінаваты і хто будзе адлічаны з акадэміі, дык важак стрыжаных закрэсьліў шасьцярых даўгавалосых, а важак даўгавалосых — толькі сябе. Маўляў, я магу распараджацца адно што ўласным лёсам.
Я пераказваю гэтую гісторыю, каб паказаць, што ў рамане “Silva rerum” жарсьці кіпяць на кожным кроку і з кожнай нагоды, часам перапыняючыся доўгімі апісаньнямі ці то ежы, якая была на бяседным стале, ці то вопраткі, у якую былі апранутыя госьці, ці мэблі, ды чаго заўгодна, што стварае ўсеабдымную і пераканаўчую карціну, бо аўтарка дасьведчаны гісторык мастацтва і матэрыяльнай культуры.
Але ня толькі гэта. Распавядаючы гісторыю найлепшага віленскага лекара Арона Гордана, аўтарка захоплена расказвае і пра ўсе віленскія хваробы таго часу і пра мэтады іх лекаваньня і пра нязьменнае зьдзіўленьне Гордана чалавечай прыродзе, і пра тое, які тэмпэрамэнт лягчэй паддаецца апаплексіі, а які раку, і натуральна, пра дзікунства гэтых людзей, якія пакутуюць урэшце ад антысанітарыі, абжорства і п’янства, ад непераборлівасьці, ня маючы ў гэтым ніякай спагады да саміх сябе.
Чалавек, які застаецца галоўным героем раману і мераю ўсяго, стаіць на першым месцы. І так ад падзеі да яе асэнсаваньня непазьбежны шлях да самога сэнсу таго, што адбываецца і да сэнсу самога жыцьця:
“Як там усё было б, калі б усё празь сьляпую выпадковасьць павярнулася іначай, — тое самае пытаньне, нібы згаварыўшыся, задавалі сабе многія: і той, у каго ад выпадковай іскры згарэў дом, і той, чыйго бацьку забіла цагліна, што ўпала з рыштаваньняў, і той, хто ў запале гульні паставіў усю сваю маёмасьць на нешчасьлівую карту, і той, у каго ў двубоі асекся і ня выстраліў пісталет, і бадзягі, і каралі, і асабліва — вучоныя прафэсары ва ўнівэрсытэтах, якія ніяк не маглі прыйсьці да згоды, ці ўсё тое, што адбываецца ў сьвеце, насамрэч адбываецца паводле дасканалага Гасподняга пляну, дзе ўсё загадзя прадугледжана, або гэта проста паток бязглуздых выпадковасьцяў”.
Тыя прафэсары да хрыпаты спрачаліся пра гэта ў сваіх дыспутах, ды так і не прыйшлі да агульнае высновы ні тады, ні цяпер. Заўсёды выснова была прыдуманая, абы можна было рухацца далей.
***
Мы чытаем “Silva rerum” па-беларуску, у перакладзе Сяргея Шупы, і паволі разумеем, што беларуская мова — яшчэ адзін і не апошні герой гэтай кнігі. Гэта сучасная, нават вулічная мова. І шляхціц настройвае сваю жонку, якая зьбіраецца зрабіць у іхнай сядзібе па-сучаснаму кажучы капітальны рамонт:
“Рабі што хочаш, толькі каб пасьля не выглядала, як мара разбагацелага плебея”.
На старонках рамана мы яшчэ не аднойчы сустрэнемся са шляхецкім кодэксам прыстойнага чалавека, таго пана, на якім і трымалася сама прыстойнасьць усеагульнага жыцьця, які памрэ пасьля прыходу ў ВКЛ расейскіх і савецкіх парадкаў, калі шляхта будзе дэградаваць, будзе забітая ці ўцячэ ў эміграцыю, а яе месца зоймуць нізы жыцьця — бязь веры, прынцыпаў і гэтай прыстойнасьці. Але да гэтага яшчэ моцна далёка. А пакуль…
Клубок аповеду няспынна коціцца наперад, і я яшчэ так шмат не пасьпеў расказаць вам і пра мову рамана, як і пра тое, ці магчымы такі раман пра Менск і пра ўласныя развагі, якіх “Silva rerum” абуджае вялікае мноства і таму пра іх — у наступным выпуску “Літаратурных зацемак”.






