Як розныя Караткевічы ўжываліся ў адной асобе? Дубавец чытае кнігу Глобуса

Новы выпуск падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргея Дубаўца прысвечаны развагам вакол кнігі Адама Глобуса “Наш сусед Караткевіч”. Геній, легенда, п’яніца, вечны падлетак ці проста дзядзька Валодзя? Менавіта такім розным малюе аўтар класіка беларускай літаратуры, з любоўю ствараючы міф “Уладзімір Караткевіч”.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Калі выходзіць такая кніжка, мне цяжка ўявіць беларускага чалавека, які не працягне руку, каб яе прачытаць. У нашым нацыянальным космасе гэта тое самае, што не захацець прачытаць новую кніжку Платона пра Сакрата. То бок, гаворка пра абсалютныя велічыні.

Адам Глёбус ужо ладна перабыў Караткевіча, ягоны век на сьвеце. Караткевіча ня стала ў 1984-м. То бок за пару гадоў да перастройкі, галоснасьці, незалежнасьці Беларусі, усяго, што ён бы з усёй рашучасьцю падтрымаў і ў чым бы ўдзельнічаў. Каб пераканацца ў гэтым, варта перачытаць хоць бы ягонае пасьляслоўе да кнігі Алега Бембеля “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Але Караткевіч нічога ня ведаў пра хуткую будучыню. Ён застаўся ў сьвеце савецкай нішчымніцы, калі ўсім і паўсюль кіравала камуністычная партыя, не пакідаючы ніякай надзеі на хоць якія перамены, калі наперадзе была Чарнобыльская катастрофа, а яшчэ калі не было ні кампутараў, ні мабільнікаў і амаль немагчыма было выехаць за мяжу, хоць бы і ў суседнюю сацыялістычную Польшчу.

Інакш кажучы, Караткевіч, як чалавек, наглуха запакаваны ў тую савецкую эпоху, пры тым яго ніяк не назавеш савецкім ні чалавекам, ні пісьменьнікам. Уяўляеце, як гэта было няпроста і на якія трэба было ісьці хітрыкі і чаго гэта яму каштавала. Уласна пра ўсё гэта і распавядае ягоны шматгадовы сусед літаратар Адам Глёбус — сын пісьменьніка Вячаслава Адамчыка — Караткевічавага раўналетка. Натуральна, што Глёбус называе Караткевіча дзядзькам Валодзем.

Зразумела, калі піша прафэсійны літаратар, нават банальныя, на першы погляд, сытуацыі ажываюць і ты ўжо бачыш замест Глёбуса ў сваёй падобнай сытуацыі самога сябе. Вось цытата недзе з пачатку кнігі:

“Аднапакаёўка Івана Пташнікава была якраз над аднапакаёўкай Уладзімера Караткевіча. Дзядзька Валодзя меў вясёлы характар, а дзядзьку Івана перапаўняла пахмурная сур’ёзнасьць. Ён жартаваў, але жарты яго былі нейкія як ня зь Менску, былі нібыта прывезеныя аднекуль з-пад Плешчаніц:

“Валодзя, каго зь вялікіх беларускіх пісьменьнікаў ты ведаеш?” — прысеўшы на кукішкі і гледзячы мне ў вочы, пытаўся Іван Пташнікаў. Пад такім поглядам нічога іншага не заставалася, як толькі сказаць: “Вас, дзядзька Іван, і дзядзьку Валодзю Караткевіча!” Пташнікаў быў задаволены сваім жартам і, уздымаючыся з кукішак, казаў: “Правільна!”

Напэўна, мала каму ў дзяцінстве не даводзілася служыць у ролі такога таталізатара для амбітных дарослых з розных нагодаў.

***

Амаль кожная замалёўка ці абразок патрабуе адкласьці кніжку і адчуць ды ўдумацца ў сэнсы, якія тоўпяцца на старонках. Вось Глёбус распавядае пра захапленьне Караткевіча чартамі. Маўляў, пісьменьнік сабраў цэлае войска фігурак чорцікаў у сябе на кніжных паліцах і добра ведаў гэтую тэму чартаўшчыны. Было нешта ад чорта і ў ім самім, заўважае аўтар. 

А мне ўспомнілася пранікнёная песьня Лявона Вольскага на верш Караткевіча “Павешаным 1863 году” пра паўстанцаў Каліноўскага і бела-чырвона-белы сьцяг. Апошні радок тут заўсёды прымушаў мяне спатыкнуцца:

І сёньня ў вечны наш працяг,
У неба на сьвітаньні дня
Уздымуць нас, як волі сьцяг,
Якога й богу нельга зьняць.

Быццам зусім ня боская справа — здымаць сьцягі, то бок у гэтым кантэксьце — рабіць шкоду. Паводле маштабу гэта занятак для маленькага беларускага нячысьціка, чорціка, які ў розных выглядах стаіць на Караткевічавай кніжнай паліцы. Дый слова “чорт” больш ладна выглядала б у гэтым вершы на месцы бога. Чаму так? Магчыма Караткевіч, прыніжаючы Бога, такім чынам дэкляраваў сваю атэістычнасьць, чаго патрабавала афіцыйная савецкая ідэалёгія, каб у гэтым самым вершы пра сьцяг можна было даць радок “у крыві краіны нашай бель”, які не пакідаў сумневу адносна таго, які сьцяг маецца на ўвазе.

Але вось і Глёбус прыгадвае радкі з праграмнага вершу “Быў. Ёсьць. Буду”, дзе Караткевіч кажа пра сваё жыцьцё ці нават бытаваньне — за тых, “Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы // Паўстане нават на Бога…”

Тут ужо ніякі сьцяг прыкрываць атэізмам ня трэба. Іншая рэч, што Бог у такім раскладзе выглядае як нейкі пэрсыдзкі цар Шахрыяр, якому Шахразада расказвае свае гісторыі, але ніяк не стваральнік сусьвету.

Урэшце гаворка заходзіць пра генія — злога і добрага. Глёбус разважае, які зь іх Караткевіч, і прызнаецца, што назваць яго злым не выпадае, бо ён быў добры, але і назваць яго “добрым геніем” ён ня можа. Проста геній.

***

Часам Глёбус расказвае гісторыі, пачутыя ад іншых, але, дзякуючы адметнаму стылю, яны арганічна ўпісваюцца ў тэкст. Вось цытата:

“Дзядзька Валодзя любіў сабак. Ён любіў жывёл, як іх зазвычай любяць бязьдзетныя людзі. (У іншым месцы Глёбус заўважае, што Караткевіч пабойваўся дзяцей.) Толькі сабак Валодзя любіў асабліва, бо адзін зь іх выратаваў рукапіс аповесьці “Дзікае паляваньне караля Стаха”…

Аднойчы ўвечары Караткевіч чытаў сябрам урыўкі з новай аповесьці, потым усе пілі і весяліліся, а позна ўначы вярталіся з рэстарацыі ў дом творчасьці. Ішлі праз лес. У засьнежаным ельніку папка з рукапісам і згубілася. А раніцай вартавы сабака выкапаў з-пад сьнегу “Дзікае паляваньне…”

Нягледзячы на ўсю казачнасьць гэтага здарэньня, яно цалкам рэальнае. Каб не сабака, беларуская літаратура магла б страціць адну са сваіх найлепшых аповесьцяў. Але рукапісы такіх твораў ня толькі не гараць, але і з-пад сьнегу выкопваюцца сабакамі. Адно, што не магу сказаць дакладна, дык гэта мянушку сабакі. Колькі ні згадваў, успомніць ня змог. А таму назаву яго Сабака Баскервіляў – 2″.

Калісьці я рабіў на радыё перадачу “Вострая Брама”. І гэтая перадача, 14 студзеня 2001 году называлася “Стары Новы год у Каралішчавічах”. Мой суаўтар Зьміцер Бартосік павёз у колішні дом творчасьці пісьменьнікаў Рыгора Барадуліна і там, на месцы той успамінаў на мікрафон розныя гісторыі, у тым ліку і гэтую. Цытую:

Валодзя ў флігельку гэтым сядзіць, к яму прыяжджае Анатоль Забалоцкі. Апэратар, які “Рабіну чырвоную” з Шукшыным рабіў. Ён з сыбірскіх беларусаў, цікавейшы чалавек быў. Яго выжылі, як заўсёды ў нас, нармальных людзей тады выжывалі з кінастудыі. Я выходжу раніцай з сабакамі. Гэта якраз сьнег вось такі ішоў, густы-густы сьнег. Гляджу, сабака пачынае нешта капаць. Я думаю — ну што такое, чалавек — не чалавек. А раптам гляджу — рукапіс, знаёмы почырк Караткевіча. Аказваецца, Караткевіч сцэнарны плян і большую частку “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” аддаў Забалоцкаму, каб ён занёс машыністцы. А Забалоцкі, паколькі добра ўзяў, упаў на той бок, дзе быў рукапіс і рукапіс прапаў бы.

Я гавару, што ў нармальнай дзяржаве трэба было б паставіць помнік сабаку, каторы выратаваў практычна раман і фільм.

Тут два сабакі было. Джэры й Дазор (“Сук Дазор і сучка Джэры жралі сок і суп з фужэра”)”

Так выглядае тое здарэньне ў вэрсіі Рыгора Барадуліна. Менавіта ў вэрсіі, бо трэба рабіць зноску на час і памяць, а таксама на самога Барадуліна, які мог нешта і перадумаць у гэтай гісторыі. Адно што можна, відаць, сказаць дакладна — што гэта было ня “Дзікае паляваньне…”, бо абставіны першых чытак яго вядомыя з розных крыніц і гэта было задоўга да дому творчасьці.

***

Глёбус піша ня толькі факты, але і дзеліцца сваімі суб’ектыўнымі адчуваньнямі Караткевіча, што робіць згадкі шмат больш каштоўнымі. Асабліва пранікнёная нататка з 1977 году. Называецца яна “Правал”. Цытую:

“Ён сядзіць на лаўцы каля пад’езда. Ён смокча, пасмоктвае патухлую беламорыну. Ён сядзіць, праваліўшыся ў самога сябе. Мяне ўражвае гэты правал у самога сябе. Я спыняюся, каб сказаць, што днямі вярну яму драўлянага баракальнага анёла, якога пазычыў, каб намаляваць. Ён пытаецца, ці атрымаўся анёл і ці пакажу я малюнкі. Голас яго гучыць хрыпла, патухла, нібыта здалёк. Ён застаецца ў правале”.

На хвіліну мне падалося, што я чытаю кнігу вершаў пра Караткевіча.

Альбо ў іншым эпізодзе паэт Караткевіч чытае паэту Глёбусу хоку, а ўсе ж ведаюць Глёбуса, як выбітнага беларускага аўтара хоку… Не магу прыгадаць, ці ёсьць у беларускай літаратуры раўналетак Караткевіча, чыё імя ў гэтай гісторыі можна было б паставіць замест ягонага.

Тут маецца на ўвазе, што амаль усе беларускія літаратары, як на ўзор, пазіралі на расейскую літаратуру, тады як Караткевіч на ёй не зацыкліваўся. І калі амаль усе пісалі пра вёску ды вясковыя справы, ён пачуваўся гарадзкім, прынамсі шляхта яму была бліжэй, чым сяляне і ён з большай ахвотай апісваў яе.

***

Шмат у кніжцы гісторыяў і развагаў пра п’янства. Тэма, памятная Глёбусу зь дзяцінства. Раніцай Глёбус першым выходзіў з пад’езду, сам ішоў у дзіцячы садок. А ўвечыры Караткевіч прыходзіў у пад’езд апошнім, часта падымаўся на пяты паверх на чатырох кропках, у такім стане капейкі ня ўтрымліваюцца ў кішэнях і рассыпаюцца па лесьвіцы. А вось ізноў раніца і Глёбус ізноў першы выходзіць з пад’езду. Проста гатовы трыялет.

З кнігі выглядае, што піў Караткевіч заўсёды, прынамсі на Глёбусавым вяку, піў запойна і зацята. Тэма даўно перастала быць табу, пра гэта напісана шмат і ўсякага. Але асабіста мяне дзівіць унікальная пры тым працаздольнасьць пісьменьніка. Усё ж напісаць 25 тамоў якаснай літаратуры ў розных жанрах, пражыўшы 54 гады, і такое п’янства пры тым… Гэта мусілі быць два розныя чалавекі. 

Я спрабую гэта сабе неяк растлумачыць. П’яны чалавек у савецкім грамадзтве не выклікаў як сур’ёзнага стаўленьня да сябе, так і завышанай патрабавальнасьці. Калі чалавек паводзіў сябе дурасьліва, гэта магло ўспрымацца паблажліва. Яго не трактавалі, як антысаветчыка, як “чужы элемэнт”. Але кожнага разу сытуацыя балянсавала на валасінцы. Шчыра кажучы, мне было б прасьцей гэта зразумець, калі б сваё п’янства Караткевіч перабольшваў.

Але ў Глёбуса гэта ўсё чым далей, тым больш фармуецца ў фэномэн. Слаба спалучаецца з захопленасьцю творчасьцю і п’янствам такая сэнтэнцыя: “Караткевіч любіў парадак”. 

Калі запоі доўжыліся больш за тры месяцы, Караткевіча адпраўлялі ў Навінкі. Пра такую практыку я даведаўся пазьней. З расповедаў хормайстра Кірылы Насаева ў мяне склалася ўражаньне, што ледзьве ня ўся творчая інтэлігенцыя час ад часу лягае на такую папраўку і разьвітваецца з алькаголем. Натуральна, ненадоўга.

Адзін мой знаёмы сонечны мастак казаў, што піць можна толькі “калі сонца пазалоціць вершаліны дрэваў”, гэта значыць, калі зробленая ўся важная работа, і нэрвова пытаўся, ці ёсьць ужо шостая вечара. Такія, вядома ж, у Навінкі не лягалі, магчыма, іх у творчай інтэлігенцыі была траціна, калі адняць першых і трэціх — абстынэнтаў.

Глёбус бароніць сваю спрычыненасьць да Караткевічавага п’янства. Амаль так, як бароніць права выбітнага майстра быць такім, якім ён хоча быць. Пры тым, што гэта разыходзіцца з уласнай праграмай жыцьця, прынамсі ў сталым веку. Цытую:

“Можаш мяне асудзіць! Так, я хаваў бутэлькі дзядзькі Валодзі. Часам я хадзіў па гарэлку і каньяк для яго. Ён прасіў, бо сам баяўся не дайсьці, баяўся паваліцца на вуліцы, — даводзілася ісьці мне. І я чхаць хацеў на твае асуджэньні. Вось так!”

Можа падацца, што такая абарона апраўданая толькі тады, калі гаворка найперш ідзе не пра п’яніцу, а пра выбітнага пісьменьніка, які да таго ж адбыўся. Але часьцяком гэта могуць быць і паводзіны суседа, калі малодшы аказвае паслугу старэйшаму.

Глёбус называе Караткевіча дзядзькам, а дзядзька ў сям’і — для дзіцёнка — як брусок, на якім той гострыць свае пачуцьці — усю гаму: ад захапленьня да грэблівасьці. Блізкае суіснаваньне з такім фэнамэнальным дзядзькам давала ўсе падставы для гэтага.

Глёбус трапны назіральнік і ўсе яго сюжэты пра дачыненьні Караткевіча зь іншымі літаратарамі адгукаюцца праўдападабенствам.

Шматлікія спробы Глёбуса прыдумаць Караткевічу дэфініцыю не вымалёўваюцца ў штосьці адно якраз таму, што сусед Глёбуса паўстае ў ягонай памяці занадта розным. Караткевіч жыў, піў і пісаў запойна, як вялікія францускія пісьменьнікі ХІХ ст… Ён папулярны — занадта поскае вызначэньне, любімы — гэтая ацэнка падгледжаная з жыцьця. Выбітны літаратар? — гэтага недастаткова. Народны — не спадабалася б яму самому. Таму няхай будзе легендарны. Глёбус піша:

“Каб нешта вартае напісаць, трэба мець адметную якасьць. Можна быць натуральна рэвалюцыйным, як Анатоль Сыс, можна быць крыху наіўным, як Янка Маўр, а можна ўсё жыцьцё заставацца рамантычным падлеткам, як Уладзімер Караткевіч. У яго была душа падлетка, якая прагла прыгод. У творах Караткевіча ёсьць юнацкая сьвежасьць, яна і вабіць”. 

У іншым месцы Глёбус кажа пра тое, што Караткевіча кананізавалі самі людзі, беларусы, без чыёй-небудзь дапамогі, а часта і насуперак чыймусьці жаданьню. Я б удакладніў — не кананізавалі, то бок ператварылі ў сьвятога, бо і сам Глёбус не разумее, навошта Караткевічу пасьмяротная маска. І пра сьвятых ня надта пішуць усялякія паднаготнасьці. У тым і рэч, што Караткевіча людзі культывуюць, ён у поўным значэньні гэтага слова культавы пісьменьнік.  І спакуса зазірнуць “як там было насамрэч” неадлучна будзе ісьці заўсёды побач і з часам усё болей узрастаць.