Выйшлі “Беларускія Калыханкі”, укладзеныя Сержуком Доўгушавым

Выйшла кніга “Беларускія Калыханкі”, якую ўклаў музыка, папулярызатар фальклёру Сяржук Доўгушаў. Дапамагала ў выпуску каманда ініцыятывы Tradycyja / ЭтнаТрадыцыя і Studio Magenta. Сродкі на выданне былі сабраныя праз краўдфандынгавую платформу Gronka.

У кнізе сабраныя калыханкі з усіх этнічных беларускіх рэгіёнаў, у тым ліку Падляшша і Палесся. Галубок, пеўнік і, вядома, любімы каток — усе гэтыя знаёмыя персанажы ажываюць на старонках кнігі дзякуючы цудоўным ілюстрацыям. Гартаючы кнігу з дзіцём, вы вандруеце па магічным свеце, па краіне мараў і сноў. Заспяваць калыханку можа кожны, тут не патрэбная спецыяльная музычная адукацыя, бо галоўная каштоўнасць не ў майстэрстве, а ў гаючым голасе роднага чалавека, які дае адчуванне цеплыні і бяспекі.

“Больш за год я працаваў над ёй: шукаў і адбіраў калыханкі з розных куткоў Беларусі, укладаў, пісаў тэксты. Потым — распрацоўка ідэі, абмеркаванні, макет… І вось яна — гатовая!”дзеліцца навіной музыка Сяржук Доўгушаў і дадае, што прысвячае кнігу сваёй дачцэ Эвеліне.

Сяржук Доўгушаў з дачкой Эвелінай і кнігай “Беларускія Калыханкі”. Фота Аляксандр Драгавоз

Разам з кнігай выйшаў і студыйны альбом “Калыханкі”, які запісала Воля Дземка з гуртом VOLYA. Усе трэкі, разам з аўтэнтычнымі запісамі, можна паслухаць па QR-кодах у кнізе.

Кніга праілюстраваная Tikava_studio, а таксама мае пераклады на ангельскую мову і ноты.

“Беларускі Калыханкі” ужо можна набыць у кнігарні “Кнігаўка” (як ужывую, так і анлайн), на Allegro, а таксама на жывых прэзентацыях, якія плануе праводзіць Сяржук Доўгушаў.