Сяргей Дубавец расказвае ў падкасце пра Прэмію Арсенневай

Сяргей Дубавец у новым выпуску “Літаратурных зацемак”, падкаст-праекта спецыяльна для Bellit.info, дзеліцца ўражаннямі ад працы ў складзе журы прэміі імя Наталлі Арсенневай, якая выдаецца за найлепшую паэтычную кнігу.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Так выйшла, што чытаць паэтычныя кніжкі, намінаваныя сёлета на прэмію імя Натальлі Арсеньневай, я, як сябра журы, пачаў з Уладзімера Някляева. Магчыма, гэта была не найлепшая ідэя, бо пачынаючы з мэтра, вольна і міжвольна робіш для сябе ягоныя творы крытэрам для астатніх.

Першае, пра што думалася, — пра дакладнасьць паэтычнага выказваньня, бездакорную ў Някляева і як бы неабавязковую ва ўсіх астатніх. Някляеў у сілу свайго досьведу і таленту быццам на лінатыпе адлівае ў мэтале небанальныя радкі-сэнтэнцыі, якія ніяк па-іншаму і не прачытаеш. Пры тым кніга “Без Айчыны” — трагічная і патасная, і адначасна тупіковая. Турма ў аўтара стала Айчынай, а Айчына турмой. “Турма, — піша Някляеў, — ня ведае маралі. І найперш тым стала падобнай да яе Айчына“. І, між іншым, канец Айчыны, якая прыпадобніла сябе да турмы.

Асабіста я не бываў у лукашэнкавых турмах і ня мне тут абвяргаць мэтра. Але Айчына ўсё ж… ня тое, што можа ня ведаць маралі. Для параўнаньня ў Ларысы Геніюш:

Адзінай мэты не зракуся
І сэрца мне не задрыжыць,
Як жыць, дык жыць для Беларусі,
А безь яе зусім ня жыць.

Таму, думаю, ня варта найвышэйшай шкалой маралі адмяраць месца Айчыны, якая там апрыёры на самым версе. Бо інакш нічога вартага не застанецца.

І той самы прыклад Геніюш — пра тое, што пры ўсім бясчынстве, якое робіцца навокал, яно адбываецца ня першы раз і яно, пры ўсёй гідотнасьці, зусім не кульмінацыя. Верагодна, кульмінацыі ўжо бывалі раней. А значыць, гэта не наканаваньне.

Чамусьці на розум мне прыходзяць постаці не, ня сталінскіх ахвяраў ці каліноўцаў, а ранейшыя гераічныя постаці, напрыклад, Казіміра Лышчынскага, постаці, адпаведнай някляеўскаму патасу. І адбываецца дзіўная рэч — якраз дзякуючы дакладнасьці паэтычнага выказваньня гэтае сьцьверджаньне выглядае абмежаваным у сваёй адназначнасьці. Усё настолькі безнадзейна, што няма як і ўздыхнуць. Мы ў пастцы дасканаласьці… Дык можа хай лепей і ня будзе ў паэзіі той філіграннай дакладнасьці, якой няма ў жыцьці?

Калісьці я на працягу двух дзясяткаў гадоў назіраў за адной адселенай чарнобыльскай вёскай — езьдзіў туды і бачыў, як у хатах атабарваліся жывёлы: лісы, барсукі, чарапахі… Пасьля хаты пачыналі падаць, бярвёны завальвалі дарогу, стрэхі бураломам лягалі на зрубы. Гэта быў хаос, быццам вёску дабівала стыхія. Насамрэч дабіваў яе час. І яшчэ гадоў празь дзесяць на месцы вёскі я раптам пабачыў неверагодна прыгожы і чысты малады лес. Гармонія нараджаецца з хаосу, — зрабіў я тады сабе выснову. Гармонія не нараджаецца з парадку, то бок, калі ўсё пастаўленае пад лінарку. Цяпер я ўспомніў тую сваю выснову і вырашыў не ўжываць крытэр дакладнасьці да вершаў паэтаў на Прэміі Арсеньневай.

***

У адрозьненьне ад клясычна дасканалага і пазачасавага мэтра Някляева, Анатоль Івашчанка ўвесь у сумневах. Ён відавочна крыху перарос сваё ранейшае захапленьне гульнёй словаў і, як кажуць, шукае сябе і, як тое звычайна бывае, адчувае незадаволенасьць сабою, што перакідваецца на навакольны сьвет і выклікае раздражнёнасьць. Пры тым ягоная кніга “Непрамо(ў)ленае” поўная пэсымізму, расчараваньня і стомы ад усяго, цалкам адпавядае агульнаму настрою. Як той казаў, “Страчаны сэнсы й рамсы паблытаны”. Але не такі просты лірычны герой Івашчанкі. Ёсьць жа яшчэ другое дыханьне, ёсьць беларуская мова, дастаткова настроіць ліру і пачуеш стройны й прыгожы гук надзеі. Ніколі ўсё ня страчана.

пакуль цябе не забралі
пасьпей пазваніць сваёй маме
покуль цябе не схапілі
покуль цябе не спалілі
покуль ня стане позна
покуль ня прыйдзе позва
пакуль не прыйшоў гамон
пакуль не пачаўся шмон
покуль цябе не схапілі
покуль не забаранілі
покуль цябе не забанілі
пасьпей пазваніць маме
покуль не запакавалі
покуль не ўкрыжавалі
покуль скуру ня зьдзерлі
драўляны бушлат не надзелі
не этапавалі пакуль
не закатавалі пакуль
пакуль не пусьцілі кулю…
тэлефануй
матулі

***

У Вольгі Гапеевай — свой гермэтычна замкнёны сьвет. Кніжка называецца “Пад асобнымі коўдрамі” і асноўнай адметнай рысай гэтай паэзіі я б назваў стрыманасьць, якая раскладаецца на інтэлігентнасьць, эўрапейскасьць, прыцішанасьць паэтычнага выказваньня. Радок ніколі не крычыць, ён ніколі ня тэзісны, ён заўсёды думае сам пра сябе — які ён? Мы ў лябараторыі словаў, тут дзіўная шчырасьць рэфлексіі, аддаемся элегіі і бязмэтнасьці, бачым блікі і водсьветы, і пазнаем свае колішнія дзіцячыя вычуваньні. Дзіўна, здаецца адсюль зусім нябачная вайна. Але гэта ня так:

у царстве вайны
ёсьць і іншыя кветкі
гіяцынт — гармата калібру 152 мілімэтры
(як адтуліна рыны)
гвазьдзік — гаўбіца калібру 122 мілімэтры
(як грэйпфрут)
васілёк — мінамёт, радыюс паражэньня 18 мэтраў
(як грэнляндзкі кіт)

Няпростая арыфмэтыка — пытаньне пра сэнс сацыяльнага існаваньня непазьбежна абяртаецца апісаньнем абсурду.

людзі
жыцьцё якіх зьмяшчаецца ў адным сказе
сказы
якія мы вучым напамяць
памяць пра ўспаміны якіх не было
дзе ўтульна і проста
як у жыцці з падручніка па замежнай мове

Дарэчы, у самадастатковым сьвеце Вольгі Гапеевай, як магло б падацца, зусім няма табу на тэмы, напрыклад, на актуальную палітыку, якая ўдала пададзеная ў вершы “Мая дзяржава”, але зноў жа, вельмі па-свойму і нечакана.

***

Сёлета на Прэмію Арсеньневай прэтэндавалі таксама зашыфраваныя аўтары і кнігі, то бок яны былі прадстаўленыя пад іншымі імёнамі і назвамі ў мэтах бясьпекі аўтараў. Нічога асаблівага, проста рэаліі часу, у якім мы жывем. Адна з такіх кніг нават патрапіла ў кароткі сьпіс — тройку кніг, найлепшых на думку журы.

Гэта таксама, як і Вольга Гапеева, паэтка са сваім адметным сьветам, які выразна адрозьніваецца ад усіх іншых. Гэтым разам аўтарка імкнецца наблізіць верш да жывапісу і піша нібы ўпаўдотыку. Чароўнасьць існаваньня важнейшая за адзнакі і дух часу. Але ў другой палове кнігі, калі ў вершах зьяўляецца шмат імёнаў канкрэтных людзей ды мясьцінаў, усё пераварочваецца і пачынаецца іншая гісторыя.

***

Кнігі Веры Бурлак і Віктара Жыбуля, як заўсёды, поўныя алітэрацыяў, унутраных рыфмаў, гульні словаў. Віктар вядомы сваімі экспэрымэнтамі са словам, дасканалы знаўца вэрсыфікацыі і беларускае мовы, падалося мне, гульлівасьцю разбурае “сур’ёзныя” сэнсы, там, дзе яны мусяць дасьпець. Інакш кажучы, вялікія трагедыі сучаснасьці перажываюцца побач з нязначнымі здарэньнямі з аднолькавай аўтарскай рэфлексіяй і ўстурбаванасьцю. Пры тым прападае градацыя вялікага і малога. Гукапіс выступае самакаштоўным.

***

Андрэй Хадановіч, на маю думку, у гэтым конкурсе крыху белы крук. Бо ня ён напісаў “Дзікае паляваньне Караля Стаха”. І ён яго не перапісаў такім чынам, каб цалкам выявіцца як паэт. Якасная і таленавітая праца, але ўсё ж не аўтарская паэзія ў чыстым выглядзе. Аўтар — як сярэднявечны перапісчык, выдатны вэрсыфікатар, захавальнік сюжэту і духу Караткевічавага твору.

***

Раман Абрамчук. Кніжка называецца “вершы для храмаў, сіза, ічу“.

Раман Абрамчук сьпяваў песьні. Але песьні, надрукаваныя ў кнізе, часта з завершаных твораў раптам ператвараюцца ў накіды ці “не гучаць”. Кніжная старонка — не мэлёдыя і не эмоцыя. У песьні ўвесь фокус і ўся адказнасьць могуць застацца ў голасе. І раптам верш, прысьвечаны Алесю Пушкіну — быццам аўтар уключыў адказнасьць, разумеючы, што нельга такі верш каб быў нехлямяжы, як песенныя “тэкстА”, дзе спадзеў на тое, што музыка і харызма выканаўцы — выцягнуць.

сэрца проста сказала
я больш не хачу
не ха чу
маляваць абразы дзе нат’ храмы – усё тыя ж сіза і ічу
сэрца проста сказала я лепш узлячу
і ўзляцела
і я гэта чуў

Але тут я чамусьці не магу ня ўспомніць пра дакладнасьць. Усё ж такі верш пра сьмерць мастака трэба прысьвячаць не яму, а яго памяці. І калі “сэрца проста сказала я лепш узьлячу і ўзьляцела”, дык я гэта ня чуў, а бачыў.

***

Сяржук Сыс ставіцца да паэзіі як да аракула, чые меркаваньні непарушныя. У кнізе “Дом. Паэзія выгнаньня” шмат такіх запытаньняў. Сяржук вымушаны жыць у Вільні і асабліва драматычна для яго складваюцца дачыненьні са старой сталіцай.

Ачышчаная майскімі дажджамі
чаруе Вільня, горне да грудзей,
Але няма сугучнасьці між намі –
Мне Україна ў безьліч раз мілей…

У іншым вершы, зьвернутым да Улі, ужо ў загалоўку аўтар раздражнёна выгукае: “Уля, няма ў мяне вершаў пра Вільню”. Яшчэ адзін верш, хоць і называецца ён “Вільня. Прымірэньне”, мае зусім не прымірэнчае завяршэньне:

Вечар… Зьнікаюць хворыя мроі…
Жыві сабе Вільня, сыта і вольна.
Прабач, я тваім не хачу быць героем –
Ня скончыў дагэтуль уласныя войны.

Можна толькі паспачуваць аўтару, для якога дачыненьні з горадам складаюцца то як зь пеклам, то як са сьмерцю. Гарачая душа дняпроўскага чалавека ўпарта не прымае вялейскага краявіду.

Твой Беласток, а Вільня не мая,
Хаця інакшага цяпер ужо ня маю.
Сьціскае шыю па начах зьмяя
І я паволі ў Вільні паміраю.

***

Сяргей Прылуцкі. Кніга называецца “Нічога нястрашнага”. Далібог, можна было б даць Прэмію Арсеньневай толькі за гэтую назву. Цікава, што як назву газэтнага артыкула яе можна і не заўважыць. Але як назва паэтычнай кнігі — гэта безумоўны набытак, які абавязкова зьвяртае на сябе ўвагу і сам сабою, і ў пераліках робіць выраз знакавым і, калі хочаце, рэклямным для самой беларускай паэзіі.

Кніга ўнікальная яшчэ й тым, што жыхар падкіеўскай Бучы быў сьведкам таго, што нарабілі там расейскія ваякі ў першыя дні вайны.

Прылуцкі ў колішнія часы любіў эпатаж і натуралізм. А тут парадокс: усё гэта ўвасобілася ў рэальным жыцьці. І апісаць гэта не стае той колішняй гульні ў словы. Таму сёньня аўтар зьвяртаецца да зусім не эпатажных вечных тэмаў і вобразаў.

Каханая, тут выжылі ня ўсе.
Але каханьне выжыве бясспрэчна.
Ляціць, нібы зімовы попел, сьнег –
такі прыгожы і бесчалавечны.

Пару дзён таму на прэзэнтацыі Анталёгіі беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя Адам Глёбус казаў, што, ня гледзячы на ўвесь трагізм ХХ стагодзьдзя, яно было залатым у беларускай паэзіі і што ён шчасьлівы, што яму, як паэту, выпала адбыцца менавіта ў гэтым, ХХ стагодзьдзі. Новае стагодзьдзе, у якім мы жывем цяпер, Глёбус назваў для беларускай паэзіі срэбным. Верагодна, такая назва прадыктаваная будзе ня якасьцю вершаў, а адносінамі да паэзіі з боку соцыюму. Паэзія перастае быць масавым мастацтвам якраз таму, што для графаманіі застаецца ўсё меней месца. Адбываецца выхад да чытача толькі арыгінальных і высокамастацкіх твораў. Мінула яшчэ толькі чвэрць стагодзьдзя, а ў нас ужо ёсьць сапраўдныя зоркі і мы ведаем іх, толькі вось называць іх імёны ў публічнай прасторы, на жаль, не заўсёды выпадае.

Што да сёлетняй прэміі імя Натальлі Арсеньневай, дык яе атрымаў Сяргей Прылуцкі за кнігу “Нічога нястрашнага”, з чым я яго і шчыра віншую. Фармулёўка журы гучала так: “За голас чалавечай любові ў часе вайны і бесчалавечнасьці”.