Gutenberg анансуе серыю сучаснай беларускай прозы

Выдавецтва Gutenberg Publisher абвесціла пра запуск серыі “Акно ў прозу”. У межах серыі будуць перавыдавацца прыкметныя беларускія празаічныя творы апошняга часу, першыя выданні якіх даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Проста цяпер можна перадзамовіць 5 кніг серыі.

Серыю распачынае раман Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”, манументальны твор пра (не)савецкіх людзей, (не)савецкі горад Менск і каханне, якому ўсё роўна. Беларусь і беларусы бачацца аўтарам праз прызму чалавека, які вырас у 60я.

Макс Шчур у кнізе “Завяршыць гештальт” разглядае Беларусь з Еўропы, параўноўваючы, разбураючы і ствараючы. Гэтая кніга – помнік на пахаванні міфа пра Еўропу, якім жылі і жывуць шматлікія беларусы.

Павал Касцюкевіч у “Блогу Усяслава Чарадзея” знаходзіць агульныя рысы між часінамі полацкага княства і хіпстэрамі у спакойным 2013, згадваючы культурныя кады гадоў, калі смузі і веганства былі на піку.

У кнізе “Галоўная памылка Афанасія” Югасі Каляды кахання ўвогуле няма, а яго адсутнасць і ілюзорнасць робіцца цэнтральнай тэмай. У творы пануе атмасфера пачатку абсурднага 21 стагоддзя.

Ілля Сін і ягонае “Libido” – гэта пераапрацоўка агульнабеларускіх архетыпаў пра нашыя гарады і вёскі, нашыя думкі і мары, наш быт і нашую культуру. Час, калі адбываюцца дзеі кнігі, зусім не важны, бо змянілася так мала.