Саша Філіпенка едзе ў тур па гарадах Еўрасаюза з новым антываенным раманам “Слон”. Беларускі пераклад кнігі выходзіць у Gutenberg Publisher і старт продажаў гэтага выдання пачнецца на Варшаўскім кніжным кірмашы 17 траўня.
Расейскамоўнае выданне выходзіць у Рызе ў канцы траўня. Рыхтуецца пераклад на нямецкую мову. У Лондане прафесійны тэатр пачаў працу над спектаклем па “Слане”.

Прэзентацыі рамана пройдуць у Польшчы, Літве, Латвіі і Нямеччыне.
- 18 траўня, 2025, 15:30 – Warszawa (у партнёрстве з клубам Stand Up Lokal)
- 21 траўня, 2025, 18:30 – Wrocław (у партнёрстве с курсамі “Мова Нанова” і клубам PROZA Wrocławskiego Domu Literatury)
- 22 траўня, 2025, 18:30 – Kraków
- 23 траўня, 2025, 18:30 – Rīga
- 25 траўня, 2025, 17:00 – Vilnius (пад джазавыя імправізацыі Паўла Аракеляна)
- 26 траўня, 2025, 19:00 – Berlin
- 27 траўня, 2025, 19:00 – München
- 28 траўня, 2025, 19:00 – Düsseldorf
Квіткі на сустрэчы можна набыць тут.
Кнігу, якая пазіцыянуецца як “першы выразны адказ прозы Беларусі на руска-ўкраінскую вайну”, Саша Філіпенка пісаў 3 гады. Што новага людзі даведаліся пра сапраўднае каханне, жыццё і сябе пасля поўнамаштабнай вайны? Як мы рэагуем на з’яўленне “сланоў” пасярод горада, якія, здаецца, вось-вось сыдуць — і зноўку ўсё будзе добра. Людзі чакаюць, адаптуюцца і ў нейкі момант перастаюць заўважаць жахлівыя рэчы…
На літаратурных сустрэчах можна будзе паслухаць “Слана” ў выкананні аўтара і “паразважаць разам пра важнае: як мяняецца погляд на жыццё і смерць у ваенныя часы, на каханне, на міграцыю, надзею? Як мы вучымся жыць, не зважаючы на вычварэнствы? І наогул, як трэба?”
“Псіхалагічны крызіс, эмацыйныя арэлі, сапраўднае каханне, антываенная літаратура, сацыяльны партрэт, інтэлектуальная гульня, свабода слова, крыжаванка, — такое воблака тэгаў кнігі “Слон”. У рамана можа быць шмат прачытанняў, кажа аўтар, у залежнасці ад краіны і часу, а таксама ўніверсальнае чалавечае — пра жыццё і каханне”, — расказваюць арганізатары туру Сашы Філіпенкі.
