Ініцыятыва “Непаслухмяныя Дзеці Кастрычніка”, якая агучвае “літаратуру турбулентных часоў”, апублікавала на сваім YouTube-канале агучаную паэму Тодара Кляшторнага “Калі асядае муць” (упершыню публікавалася ў 1927— 28 гадах).
“Ёсць меркаванне, што маладыя савецкія паэты толькі і рабілі, што хваласпевілі рэвалюцыю і новую ўладу. Але! І 10 гадоў не мінула пасля перамогі бальшавікоў, як моладзь пачала нешта падазраваць і расчароўвацца.
“Муць асядае на муць” — скажа пра гэты час Тодар Кляшторны і напіша цяжкую, страшную і беспрасветную паэму. І няма ў ёй добрага фіналу ні для каго… Акрамя тых, хто ўмее жыць пасярод муці”, — гэтак тлумачаць важнасць абранага тэксту ў ініцыятыве.