Доўгі спіс намінантаў на паэтычную прэмію

Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай, якой ганаруецца найлепшая паэтычная кніга, вызначыла доўгі спіс намінантаў, паведамляе Беларускі ПЭН.

Доўгі спіс (у алфавітным парадку):

1. «Момант цішыні» — Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна);
2. «Амаль» — Вера Бурлак (выдавецтва «hochroth Minsk»);
3. «Пад асобнымі коўдрамі» — Вольга Гапеева (выдавецтва «Skaryna Press»);
4. «Аранжавы» — Віктар Жыбуль (выдавецтва «hochroth Minsk»);
5. «Непрамо(ў)ленае» — Анатоль Івашчанка (выдавецтва «Skaryna Press»);
6. «Акрамя» — Павел Капанскі (без выдавецтва);
7. «Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа» — Уладзімір Някляеў (выдавецтва Калегіума Усходняй Еўропы);
8. «Гіброіды»  Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «Мяне няма»);
9. «Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»);
10. «Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры» — Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).

Чаму такі шырокі спіс?

Паводле Статута прэміі, доўгі спіс можа змяшчаць ад 6 да 10 пазіцый. Сёлета журы вырашыла скласці максімальна пашыраны варыянт — праз багаты ўраджай якасных паэтычных кніг.

“У доўгі спіс увайшло толькі на пяць кніг менш, чым у поўны, але і ў такім выглядзе засталіся кнігі, якія маглі б трапіць і не трапілі, бо не набралі патрэбнай колькасці галасоў. Зараз будзе складана, бо ўсе намінанты вартыя кароткага спіса. Усе кнігі розныя — па стылі, тэматыцы, паэты і паэткі вельмі адметныя, але інакш і быць не магло”, — адзначае сябра журы Ульяна Верына.

Неўзабаве будзе абвешчаны кароткі спіс, а пераможца стане вядомы 24 траўня 2025 году.

Журы прэміі

Сёлета ў журы — пяцёра майстраў: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы, уважлівыя чытачы і чытачкі, якія па-сапраўднаму любяць і разумеюць паэзію. Менавіта яны вызначаць галоўную інтрыгу прэміі — абяруць паэтычную кнігу года. Сярод публічных сябраў журы — асобы, чые імёны добра вядомыя ў літаратурнай прасторы:

Ульяна Верына – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук.
Сяргей Дубавец – пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык.
Ганна Шакель – паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin»,  лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.