Валянціна Аксак піша пра навінку ад Ганны Кандрацюк

Паэтка Валянціна Аксак напісала рэцэнзію на новую кнігу Ганны Кандрацюк “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці”, якую выпусціў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Выданне будзе прэзентаванае падчас Кніжнага кірмашу ў Беластоку 26 красавіка. Падаем тэкст рэцэцнзіі цалкам.

Вялікая падарожная кніга Ганны Кандрацюк

Першае чытацкае ўражаньне, што ўсе папярэднія кнігі Ганны Кандрацюк улучна з ляўрэацкай Гедройцеўскай “У прысьценках старога лесу”, былі толькі падрыхтоўкай да гэтае новае. Аўтарка нібы падсьвядома адчувала, што пакуль яна не дасьледуе псыхалёгію і звычаі тысячаў нічым не выбітных сваіх суродзічаў, датуль ня можа падступіцца да заглыбленьня ў людзкую памяць, дакумэнтальную фактаграфію і псыхамістычную аўру мясьцінаў свайго краю, якія далі сьвету выдатных асобаў гісторыі і культуры.

І вось яна перад намі, гэтая вялікая кніга таленавітай падарожніцы па мясьцінах волатаў духу.

Пра што кніга?

Чыйсьці адказ на гэтае пытаньне часам робіцца вызначальным на карысьць набыцьця і прачытаньня кніжнае навінкі.

Дык вось. Гэтая кніга — пра любоў. Пачынаючы з самой назвы — “Проста з любові”.  Ганна Кандрацюк палічыла, што словы аднаго з яе герояў мастака Януша Талуця, які зрабіў помнік паўстанцам 1863—64 гадоў у Мастаўлянах, найбольш выказваюць зьмест і стылістыку кнігі. Але гэта і словы пра творчы мэтад аўтаркі. Сваёй любоўю яна растапляе недавер сустрэчных на сваіх бясконцых шляхах да людзей. З першае, пятае, дзясятае спробы яна ўрэшце чуе тое, што ў іншым выпадку гэтыя людзі панесьлі б з сабой у магілу.

І яшчэ гэта кніга любові да тых, пра каго яна піша, і да тых, для каго піша. Рэдкі талент. Нашмат радзейшы за ўменьне складаць у бездакорны парадак словы. Сярод якіх — ніводнага неабавязковага. У чым выяўляецца надзвычайная павага да чытача, якога сваім ляканізмам пісьменьніца пазбаўляе марнаваньня часу ў пошуках пярлінак кнігі. Як і строгім датрыманьнем дакумэнтаванай фактаграфічнасьці канчатковае мэты вандроўкі. А мэта ў кожным новым падарожжы адна — дайсьці да невядомых старонак жыцьця вядомых асобаў.

Урэшце гэтая кніга — пра пакутнікаў і трагедыі. Самыя цяжкія старонкі для чытача. А як тое незагойнае гора было перанесьці з душы на паперу, вядома адно самой пісьменьніцы.

Кастусь Каліноўскі, нацыянальны герой, які да сёньня ў кансьпірацыі

“Ля бюста-помніка каралю ЖыгімонтуАўгусту ІІ знаходзіцца стэнд са знакавымі, на думку тутэйшых гісторыкаў, датамі для Ялоўкі. Мяне прыемна зьдзівіла згадка пра паўстанцаў 1863—1864 гадоў. Гэта быў першы і апошні сьлед у справе Кастуся Каліноўскага. Я ўжо раней зразумела, што не магу разьлічваць на факты, гістарычныя сьляды, сустрэчы са сваякамі, якія захоўваюць старыя фатаграфіі. Дарэчы, усе дасьледчыкі згодны ў адным: Вікенцій-Канстанцін Каліноўскі нават пасьля сьмерці астаўся ў кансьпірацыі.

Сярод запісаў пра векапомныя падзеі Ялоўкі чытаем: “1863 год. На Зялёныя сьвяткі ў Ялоўцы зьявіліся патрызаны Студзеньскага паўстаньня з Валерыем Урублеўскім на чале, тут быў зачытаны Маніфэст Нацыянальнага ўраду; у партызанскія рады былі прынятыя 100 добраахвотнікаў”.

Расповяд пісьменьніцы пра пошукі сьлядоў Кастуся Каліноўскага займае першыя трыццаць старонак кнігі. Канцэнтрацыя тэксту такая, што маеш адчуваньне, быццам прачытаў цэлы вялікі дакумэнтальны раман. І хочацца, каб такі раман з-пад пяра Ганны Кандрацюк неўзабаве зьявіўся. Магчыма прачытаўшы яго, падляшцы перастануць сьцьвярджаць, што ў “Мастаўлянах усе нараджаліся маленькімі”.

Ксёндз Ежы Папялушка, якому цяжка быць прарокам у сваёй вёсцы і парафіі

“Калі я стаяла каля хаты Папялушкаў, мяне цягнула пайсьці да рачулкі, ахіленай альшынай і вербалозам, дзе расьцёхкаліся салаўі. Менавіта там, ля старых альшын, хаваўся ад будзённых думак будучы абранец Касьцёла, каб у адзіноце пагутарыць з Усявышнім. Зарасьнік вызначае першую мяжу далягляду, ён знаходзіцца за нейкіх дзьвесьце мэтраў у простай лініі ад хаты. Падчас чарговай сустрэчы маці бласлаўлёнага ні адтуль ні адсюль задасьць нам добрае пытаньне:

— А kiedy człowiek jest najpiękniejszy? ( А калі чалавек самы прыгожы? — Г.К.)

Хоць мы разумелі, што сучасныя меркі прыгожасьці тут ні пры чым, але так і не адгадалі простай загадкі дзевяностагадовай Мар’яны Папялушкі.

― Człowiek jest najpiękniejszy wtedy, ― жанчына паглядзела на нас з дабрынёй, ― jak na nikogo się nie gniewa. (Чалавек самы прыгожы тады, калі на нікога не гневаецца — Г.К.)

Пасьля гэтага жанчына засьпявала нам касьцельныя песьні на польскай мове, а калі мы папрасілі, каб прыгадала нейкую народную, яна адказала:

― Я толькі сьвятыя песьні сьпяваю”.

Сустрэча з маці абаронцы і заступніка людзей свабоды, легендарнага капэляна працоўнага руху “Салідарнасьць”, забітага спэцслужбамі ксяндза Ежы Папялушкі моцна ўразіла аўтарку кнігі. Але ня менш узрушэньня пакідаюць у чытача расповяды Ганны Кандрацюк пра беларускую мову блаславёнага і ягоных сваякоў і землякоў, хоць бальшыня з іх сваю этнічнасьць вызначае па канфэсійнай прыналежнасьці. Толькі надзвычайная далікатнасьць пісьменьніцы  можа выклікаць у суразмоўцаў падабныя прызнаньні.

“На пытаньне, ці размаўляюць у Дамуратах яшчэ па‑просту, мы пачулі:

― Гэта не зусім па‑просту, гэта быццам беларускі язык, ― так паясьніў нам малады гаспадар”.

А ў паэта Віктара Варашыльскага чытаем:

“Ksiądz Jerzy
dzieckiem
mówił tylko po prostemu
to znaczy po białorusku
szeleszczącą mową
tych pól zagajników pastwisk

Паехаўшы на мазурска-ліцьвінскае памежжа ды пахадзіўшы па тых сьцежках і дарогах, якія яшчэ цепляцца сьлядамі легендарнага ксяндза-беларуса, вы, як і аўтарка кнігі, адкрыеце шмат дзівосных рэчаў, мясьцінаў і – галоўнае – людзей. Там у 1947-м зьвіўся на сьвет звычайны хлопчык Алік, які пакінуў гэты сьвет у 1984-м незвычайным абаронцам свабоды Ежы Папялушкам.

Першая дама паэзіі ў Польшчы Надзея Артымовіч, якую сьвятар адпяваў безыменнай

“Ніколі раней я не была на такіх халодных і нямых мярлінах. У час разьвітальнай паніхіды, вечарам 4 кастрычніка 2023 года, бацюшка не сказаў ніводнага слова аб памерлай, не назваў яе імені і прозьвішча, быццам хавалі безыменную бамжыху.”

Такім агаломшаным пачуцьцём Ганна Кандрацюк пачынае амаль ад першых словаў свой расповяд пра Надзею Артымовіч. Самая вядомая паэтка з Бельска была аддадзеная роднай зямлі невядомаю нябожчыцай.  

“Ды яшчэ той малады сьвятар, як мантру, паўтараў: “Малитеся за одпущение грэхов рабы божия…” Пабочны ўдзельнік мог падумаць, што хаваюць не заслужаную асобу, а праклятую грэшніцу і здрадніцу, ня вартую аднаго добрага слова”.

А ў той восеньскі дзень у Бельску пахавалі першую даму паэзіі ў Польшчы. Так назвала яе варшаўская прафэсарка-літаратуразнаўца Тэрэса Занеўская. Менавіта так, не на Падляшшы, а ў цэлай Польшы. Для яе сяброў і адданых чытачоў Надзея Артымовіч такой і застанецца.

Магчыма, прачытаўшы пра яе ў кнізе “Проста з любові” ды павандраваўшы па яе родным Бельску і ваколіцах, вы пойдзеце ў кнігарні і бібліятэкі. І ў яе вершаваных томіках таксама адкрыеце для сябе  першую даму паэзіі краіны, у якой жывяце.

Эль Грэка і Алесь Пушкін, містычныя мастакі-экумэністы

«Пакуль цяжка адназначна сказаць, якім чынам абраз Эль Грэка трапіў у Польшчу. Яго адкрыцьцё дасьледчыкі мастацтва называюць цудам. Карціна была асуджана на зьнішчэньне. Выратавалі яе дзьве маладыя супрацоўніцы Польскага інстытута мастацтва Ізабэла Галіцкая і Ганна Сегетынская, якія ў 1964 годзе прыехалі ў плябанію ў Косаў-Ляцкі зрабіць сьпісак карцін і помнікаў культуры. „Сьвяты Францішак” на першы погляд падаўся ім арыгіналам. Увагу прыкаваў аўтограф. Як вядома, іспанскі мастак падпісваў свае творы грэчаскім шрыфтам. Праўда, паверыць у знаходку было ня проста. У бок дасьледчыц пасыпаліся словы крытыкі і абурэньня. Аднак час і дакладная экспэртыза зрабілі сваё. Арыгінальнасьць знаходкі пацьвердзілі сусьветныя аўтарытэты мастацтвазнаўства. Зараз косаўскі „Сьвяты Францішак” як магніт прыцягвае айчынных і замежных наведвальнікаў. З 2004 года карціна аздабляе Дыяцэзіяльны музй у Седльцах.»

У 2014-м там адбыўся міжнародны мастацкі пленэр “У бляску Эль Грэка”, куды з Беларусі ў ліку іншых прыехаў і Алесь Пушкін. Ён, як і аўтарка кнігі, ўражаны, што адзіны „польскі” абраз Эль Грэка знайшоў сабе схоў на памежжы ўсходняга і заходняга хрысьціянства. Падзел гэты для яго хутчэй даніна традыцыі, чым сьветапоглядны, а ўжо тым больш зусім не сучасны эстэтычны.

Развагі забітага ў 2023-м у лукашэнкаўcкай турме мастака, рэфлексіі аўтаркі кнігі ад ягонай асобы і творчасьці захопліваюць чытацкую ўвагу  як містычны трылер. А яшчэ ж тут зьмешчанае іхняе ліставаньне, у якім так шмат прарочых думак, праз якія прасочваецца прадчуваньне трагічнага скону Алеся Пушкіна, вялікага экумэніста з беларускага мястэчка Бобр.  

Для каго гэтая кніга?

Падляшша – гэта зачарованы край. Няўзброенаму ведай падарожнаму адкрываюцца балоцістыя краявіды з размытымі ў белым тумане зубрынымі статкамі, спрацованымі рукамі на каленях старых вяскоўцаў, якія сядзяць пры сваіх раўналетках-хацінах ды з насьцярогаю глядзяць на кожнага заежжага. А той перакананы, што на польных лапіках між хвояў ды алешын гэтых мясьцінаў могуць прарасьці толькі зярняты непрыкметных дзікіх кветак.  Але з праясьненых сонцам гадоў і стагодзьдзяў выступаюць насустрач адна за другою велічныя постаці асобаў, чые дзеі і таленты ярка расквечваюць старонкі гісторыі вялікага абшару ўсходняй і цэнтральнай Эўропы. Да мясьцінаў нараджэньня іхняга духу з гэтай кнігай у руках будзе так лёгка даехаць па пракладзеных аўтаркай маршрутах. І ня мае значэньня, як вы апынуліся тут і цяпер. Ці жылі спрадвеку, ці віхуры лёсу прыгналі вас сюды зусім нядаўна. Проста з любові выпраўцеся ў вандроўку да тых, хто любіў і любіць сваё Падляшша, сваю Беларусь, і да тых, што шануе памяць пра любоў. І кажа вам у адказ на прывітаньне — то ўзаемна.  

Валянціна Аксак для ЦБК