Распачаўся новы сезон Прэміі імя Міхала Анемпадыстава, якая ўручаецца за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі, паведамляюць у Беларускім ПЭНе.
Прэмія ацэньвае не толькі візуальную прыгажосць вокладкі, але і тое, наколькі яна адлюстроўвае сутнасць самога выдання. Таму ў журы ўваходзяць візуальныя творцы ды літаратары і літаратаркі.
Хто можа ўдзельнічаць?
Беларускія дызайнеры, якія аформілі вокладкі да беларускіх папяровых кніг, што выйшлі ў 2024 годзе. Беларускай кнігай лічыцца кніга, якая адпавядае як мінімум 2 (двум) з пералічаных ніжэй крытэрыяў:
- выдадзена ў беларускім выдавецтве;
- напісана беларускім аўтарам;
- напісана па-беларуску;
- змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.
Больш падрабязна пра ўмовы правядзення прэміі можна пачытаць у Статуце і Рэгламенце.

Як падаць заяўку?
Для падачы трэба запоўніць гугл-форму да 30 красавіка 2025 года (да 23:59 па беларускім часе). Вылучаць кнігу на прэмію могуць дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, арганізатары, выдавецтвы.
Хто арганізуе?
Прэмію ладзяць Беларускі ПЭН і фонд Open Culture. Сярод партнёраў — ТАА “H&L”, кампанія “Laut-Foreigner” і фестываль “Бардаўская восень”.
Прэмія носіць імя легендарнага Міхала Анемпадыстава — мастака, дызайнера, паэта і культуролага, які фармаваў візуальны стыль Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна працягвае ўшаноўваць яго мастацкую спадчыну. 2022 год стаў першым, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі “(Не)расстраляныя” пра беларускіх культурных дзеячаў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пераможцамі ў 2023 годзе сталі дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі “Людзі Лесу / Ludzi Lesu”. Анёла 2024 году атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі, якія стварылі вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай “Побач”.
На загалоўнай выяве — статуэтка, якой ганаруецца пераможца прэміі.