Прымаюцца заяўкі на ўдзел у Варшаўскім кніжным кірмашы

Інстытут беларускай кнігі паведамляе, што сёлета падчас Варшаўскага кніжнага кірмашу ў траўні будзе працаваць беларускі стэнд. Выдаўцы і выдавецкія ініцыятывы могуць падаць заяўкі на ўдзел.

Варшаўскі кніжны кірмаш — галоўная кніжная падзея Польшчы, якая каторы год праходзіць у Палацы культуры і навукі і на плошчы Дэфіляд. Гэтым разам на кірмашы, які пройдзе з 15 па 18 траўня, ганаровым госцем будзе Карэя.

Інстытут беларускай кнігі з цягам часу будзе больш падрабязна знаёміць публіку з праграмай стэнда і кнігамі, якія можна будзе набыць на выставе. А пакуль выдаўцы ды выдавецкія ініцыятывы могуць падаць заяўкі на ўдзел у працы стэнда праз адмысловую форму.

Дэдлайн падачы заяўкі 10 красавіка.
20:00 па польскім часе.

Загалоўнае фота nowawarszawa.pl