Новы раман Андрэя Федарэнкі пра кінаіндустрыю

Фонд “Камунікат” выдаў новы раман Андрэя Федарэнкі “Сцэнарыст”. Кнігу ўжо можна замовіць на сайце Kamunikat.shop, а першая прэзентацыя выдання чытачам адбудзецца 15 лютага ў Вільні падчас Міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце”, дзе “Камунікат” будзе анансаваць свае новыя выданні.

Дызайн вокладкі зрабіў мастак Артур Вакараў.

Раман Андрэя Федарэнкі “Сцэнарыст” працягвае тэму аналізу прыроды творчасці, пачатую ў папярэдняй яго кнізе “Жэтон на метро”. Сюжэт закручаны па-майстэрску, тэкст насычаны жыццёвай філасофіяй, трапнымі выразамі і назіраннямі. “Сцэнарыст” — сапраўдны дэтэктыў і адначасова драма з непрадказальным фіналам.

Падзеі ў рамане, як піша сам аўтар, пачынаюцца “даўно, ледзь не ў даайфонаўскую эпоху, прынамсі, задоўга да Вялікага Каранціну і ўсяго, што затым пачалося”, калі “на базе айчыннай кінастудыі вырашылі стварыць нешта кшталту філіяла”. Ягоныя героі — малады рэжысёр і пажылы сцэнарыст.