У 2023 годзе распачалося выданне Збору твораў класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага (1900–1944) у 12 тамах. Цяпер у выдавецтве “Беларуская навука” пабачыў свет другі том, прэзентацыя якога прайшла ў верасні ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аакадэміі навук Беларусі.
Кнігу складаюць апавяданні 1926–1931 гадоў, сярод якіх – “На пыльнай дарозе”, “Пробуюць грушы шумець”, “Хвоі гавораць”, “Пачуцці”, “Начлег у вёсцы Сінегах”, “Вераснёвыя ночы”, “Ліст Якуба Малькевіча”, “Рамонтная брыгада” і іншыя., паведамляе сайт Нацыянальнай бібліятэкі.
Над гэтым 447-старонкавым выданнем, якое выйшла ўслед за мінулагоднім першым томам, працаваў цэлы калектыў спецыялістаў: тэкстолагі, рэдактары, даследчыкі і знаўцы творчасці Кузьмы Чорнага, рэцэнзенты, выдаўцы, тэхнічныя супрацоўнікі. За асноўны тэкст былі прыняты прыжыццёвыя зборнікі твораў Кузьмы Чорнага і яго прыжыццёвыя публікацыі ў перыядычных выданнях. Том быў падрыхтаваны з улікам моўных варыянтаў і розначытанняў, якія даюць магчымасць прасачыць за творчай кухняй пісьменніка. У тэкстах узноўлена мова Чорнага, адлюстраваны дыялекталагічныя асаблівасці лексічных адзінак і іх граматычных форм, падрыхтаваны навуковыя каментарыі да кнігі Вольгай Карачун.
Замовіць кнігу можана на сайтах kniganosha.by і oz.by.
Галоўнае фота: крыніца