Выйшаў з друку зборнік выбраных артыкулаў зняволенага анархіста і блогера Міколы Дзядка, якія ён напісаў за пяць гадоў, праведзеных на волі паміж двума турэмнымі тэрмінамі.
Мікола Дзядок шмат пісаў пра анархізм, супраціў, дзяржаўны гвалт, новае грамадства — простымі словамі, намагаючыся зацікавіць сваімі ідэямі і развагамі звычайных людзей. У гэты зборнік увайшлі найбольш актуальныя тэксты, у тым ліку аналіз падзей 2020 году ў Беларусі, прычын міліцэйскага садызму, а таксама развагі аб палітычным гвалце.
“Кніга мае зацікавіць сімпатызантаў анархізму і тых, хто ставіцца да ідэі крытычна, удзельнікаў пратэстаў ды ўсіх, хто шукае шлях да больш свабоднай будучыні”, — гаворыцца ў анатацыі на сайце “Сабатаж”, дзе можна набыць зборнік.
Мікола Дзядок быў затрыманы 11 лістапада 2020 года і прайшоў праз катаванні падчас рэйда. Асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі за свае публікацы. Восенню 2024 года на яго завялі новую справу за непадпарадкаванне адміністрацыі турмы.
На момант выдання кнігі Мікола знаходзіцца ў адзіночнай камеры больш за паўтара году і ў штрафным ізалятары бесперапынна больш за 124 дні. Раней Мікола правёў за кратамі пяць гадоў (2010-2015) за анархісцкія акцыі.