Літаратурны музей Петруся Броўкі ў Менску запрашае наведаць часовую экспазіцыю, якая адкрыецца 28 лістапада і раскажа пра паўсядзённае жыццё народнага паэта Беларусі.
Пятрусь Броўка, вядомы як народны паэт Беларусі, грамадскі дзеяч і галоўны рэдактар Беларускай савецкай энцыклапедыі, у сваім паўсядзённым жыцці быў чалавекам з гумарам і далікатнасцю ў размове, прывабнай прастатой, дбаў пра сям’ю і сяброў.
Экспазіцыя “Без гальштука” раскажа пра час, праведзены літаратарам у Доме творчасці ў Каралішчавічах, сустрэчы з сябрамі на лецішчы ў Ждановічах, паездкі ў Пуцілкавічы і побыт у менскіх кватэрах. Фотаздымкі, асабістыя рэчы, рукапісы і нават хатні пінжак паэта дапамогуць наведнікам убачыць Петруся Броўку не на трыбуне ці на старонках даведніка, а ў ягоным штодзённым жыцці — за кубкам гарбаты, у размовах з блізкімі, сярод сваіх “агародзікаў” у Каралішчавічах. Асаблівы акцэнт зроблены на малавядомых эпізодах з яго жыцця: кур’ёзах з сябрамі, трапных жартах і душэўных лірычных радках, якія нараджаліся ў тых самых “хатніх” момантах.
Адкрыццё адбудзецца 28 літстапада ў 18:00.
Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 31 жніўня 2025 года па адрасе Менск, вул. Карла Маркса, 30.