Збіраюць подпісы для шыльды на доме Быкава ў Горадні

Жыхары Горадні адкрылі збор подпісаў пад петыцыяй на сайце e-petitions.by, за ўсталяванне памятнай шыльды на доме па вуліцы Вялікая Траецкая, 28 дзе з 1958 году і да пераезду на новы адрас па вуліцы Свярдлова жыў класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў.

Аўтары петыцыі адзначаюць, што дзякуючы мемарыяльнай шыльдзе ў горадзе з’явіцца важны культурны аб’ект, а “адсутнасць мемарыяльнай шыльды перашкаджае належнаму ўшанаванню ўкладу Васіля Быкава ў беларускую і сусветную літаратуру”паведамляе Гродна live.

Збор подпісаў працягнецца да 24 лістапада, пасля петыцыю накіруюць у Гарадзенскі гарвыканкам.

Як яшчэ ў Беларусі спрабавалі ўшанаваць памяць класіка?

У 2024 годзе адзначаюць 100-гадовы юбілей пісьменніка. З гэтай нагоды актывісты прапаноўвалі надаць Васілю Быкаву званне Героя Беларусі. Петыцыю накіравалі ў Мінкульт, але чыноўнікі адказалі, што “дадзенае пытанне ў бягучы момант не разглядаецца”.

Васіль Быкаў пражыў у Горадні агулам 25 гадоў. Спачатку арандаваў кватэру на Вялікай Траецкай, пасля атрымаў жыллё на Свярдлова і на Парыжскай камуны.

Спробы захаваць памяць аб гарадзенскім перыядзе жыцця класіка прадпрымалі і раней. Напрыклад, жыхары горада прапаноўвалі паставіць у горадзе помнік Быкаву, але безвынікова. У 2010 прапаноўвалі назваць імем Быкава адну з вуліц Горадні, але гэта таксама не ўдалося рэалізаваць.

Каля дома на Вялікай Траецкай некалькі разоў саматужкі ставілі шыльду з надпісам “У гэтым доме жыў пісьменнік Васіль Быкаў”. Але ўсе разы шыльда знікала.