29 кастрычніка: падборка відэа пра рэпрэсаваных літаратараў

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года – страшная ноч у беларускай гісторыі, бо ў гэтую ноч НКУС расстраляла больш за 100 чалавек, сярод якіх было шмат літаратараў. Невінаватасць большасці з расстраляных пазней была прызнана савецкімі ўладамі, яны былі пасмяротна рэабілітаваныя. У дзень памяці расстраляных творцаў мы прапануем вам падборку відэаматэрыялаў пра гэтых літаратараў.

Анатоль Вольны (сапраўднае імя – Анатоль Ажгірэй) – паэт, празаік, журналіст і драматург. Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў беларускай прозе. Аўтар зборнікаў паэзіі “Камсамольская нота” (з А. Александровічам), “Чарнакудрая радасць” (1926), “Табе” і іншых. Пісаў п’есы, драматызаваныя агітжарты, выступаў і як кінадраматург. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1935).

Быў арыштаваны 4 лістапада 1936. 28 кастрычніка 1937 асуджаны пазасудовым органам НКУС як “член контррэвалюцыйнай аpганізацыі” да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці.

Лекцыя Антона Рудака пра Анатоля Вольнага ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Лекцыя Васіля Дранько-Майсюка “Анатоль Вольны — арлекін беларускай літаратуры” на “Радыё Унэт” .

Платон Галавач – празаік і рэдактар, намеснік наркама асветы БССР. Быў адказным рэдактарам газеты “Чырвоная змена”, рэдактарам часопісаў “Маладняк”, “Полымя”. Арыштаваны 11 жніўня 1937 года ў Мінску, падчас ператрусу следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў з рукапісамі.

Перад судом Галавач пакінуў у камеры запіску: “Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон”.

28 кастрычніка 1937 года на судзе (пачаўся а 22:15, скончыўся праз пятнаццаць хвілін) прызнаў сябе вінаватым. Тройкай НКУС асуджаны як “арганізатар тэрарыстычнай групоўкі” і за “правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці” да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду. Сям’і было абвешчана, што памёр 25 снежня 1944 года ў лагеры ад паралічу сэрца. Рэабілітаваны 25 ліпеня 1956 года.

Лекцыя Васіля Дранько-Майсюка “Платон Галавач – пісьменнік, які заклікаў быць чулымі” на “Радыё Унэт”.

Алесь Дудар – паэт, крытык, перакладчык. Аўтар зборнікаў паэзіі “Беларусь бунтарская” (1925), “Сонечнымі сцежкамі”, “І залацісцей, і сталёвей”, “Вежа” і іншых. Перакладаў з расейскай, нямецкай, французскай моў.

Быў арыштаваны 31 кастрычніка 1936 года. Яго кнігі былі ў “Спісе літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю”. 28 кастрычніка 1937 года пазасудовая калегія НКУС асудзіла Алеся Дудара да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці як “члена антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Пасмяротна рэабілітаваны 21 верасня 1957 года. 

Лекцыя Ганны Севярынец пра Алеся Дудара ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Лекцыя Ганны Севярынец “Алесь Дудар – вяртанне генія” ў межах праекта Wir.by.

Лекцыя Васіля Дранько-Майсюка “Алесь Дудар. Пакутлівыя пошукі самога сябе” на “Радыё Унэт”.

Перфоманс і песня Кацярыны Ваданосавай і Аляксандры Канафальскай на верш Алеся Дудара “Белы сад”.

Міхась Зарэцкі – празаік, драматург, перакладчык, крытык. Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменнік-наватар, аўтар кніг “Вязьмо”, “Голы звер”, “Сцежкі-дарожкі”, п’ес — “Віхор на балоце”, “Белыя ружы” і іншых.

Арыштаваны 3 лістапада 1936 года, асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як “актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі” да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 снежня 1957 года.

Серыя цыклу “Лабірынты” ад канала “Белсат” пра Міхася Зарэцкага.

Лекцыя Аляксея Стрэльнікава ў межах праекта “(Не)расстраляныя”

Песня і mood-video гурта Relikt паводле твору Міхася Зарэцкага “Пра чорныя вочы”

Тодар Кляшторны – паэт і перакладчык. Аўтар зборнікаў паэзіі “Кляновыя завеі”, “Светацені”, “Ветразі”, “Палі загаманілі”, паэмаў і апавяданняў. Перакладаў з чэшскай, расейскай і ўкраінскай моў.

Арыштаваны 3 лістапада 1936 года. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 29 кастрычніка 1937 года як “член антысавецкай арганізацыі” да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 года.

Лекцыя Андрэя Хадановіча пра Тодара Кляшторнага ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Майсей (Мойшэ) Кульбак – празаік, паэт, драматург, перакладчык. Пісаў на ідышы.

Аўтар зборнікаў “Вершы”, “Новыя вершы”, “Паэмы і вершы”, раманаў “Месія сын Эфроіма”, “Панядзелак”. Для дзяцей напісаў казку “Вецер, які гняваўся”. Аўтар драмы “Якаў Франк”, п’есы “Разбойнік Бойтра” і іншых. Пераклаў на ідыш паасобныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Мікалая Гогаля.

Арыштаваны НКУС БССР 11 верасня 1937 года. 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны як “член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі” і за “сувязь з польскімі разведорганамі” да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15 снежня 1956 года.

Лекцыя Вольфа Рубінчыка пра Майсея Кульбака ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Лекцыя (у 4-х частках) Сяргея Шупы пра Мойшэ Кульбака ад праекту Create Culture Group

Казка Мойшэ Кульбака “Вецер, які гняваўся” ў выкананні Аляксандра Ждановіча (Маляваныча) 


Юрка Лявонны – паэт і журналіст. Выдаў зборнік нарысаў “Крок пяцігодкі”. Разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Жуля Верна “20 000 лье пад вадой”. Некаторыя вершы Юркі Лявоннага пакладзены на музыку. Пасмяротна выйшаў зборнік вершаў “Выбранае” (1960).

Арыштаваны 30 кастрычніка 1936 года. З тых падследных, хто праходзіў з ім разам, толькі Юрка Лявонны не пацвердзіў, што Цішка Гартны “контррэвалюцыянер”, “нацдэм”. 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны як “член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі” да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 года.

Лекцыя Віктара Жыбуля пра Юрку Лявоннага ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Валерый Маракоў – паэт і перакладчык. Аўтар зборнікаў паэзіі “Пялёсткі”, “На залатым пакосе”, “Вяршыні жаданняў” і іншых. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны.

Арыштаваны 6 лістапада 1936. Асуджаны 28 кастрычніка 1937 да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 красавіка1957 году.

Лекцыя Антона Рудака пра Валерыя Маракова ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Спявачка і акторка Настасся Шпакоўская чытае верш Валерыя Маракова.

Сяргей Мурзо – паэт і настаўнік. Належаў да так званых “паэтаў-ударнікаў”, асноўнай тэмай якіх было ўслаўленне працы рабочага.

3 лістапада 1936 года арыштаваны. 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны як “член антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі” да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 10 лістапада 1956 году ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР.

Лекцыя Віктара Жыбуля пра Сяргея Мурзо ў межах праекта “(Не)расстраляныя”.

Зяма Півавараў – паэт, перакладчык, публіцыст. Аўтар зборніка вершаў “Лірыка двух нараджэнняў”. Пісаў рэцэнзіі на спектаклі і кіно.

Арыштаваны органамі НКУС 12 лістапада 1936 года. Загінуў у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР у 1958 годзе.

Лекцыя Віктара Жыбуля пра Зяму Піваварава ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Лекцыя Віктара Жыбуля да 110-годдзя Зямы Піваварава.

Юлій Таўбін  – паэт і перакладчык.

4 лістапада 1936 года быў арыштаваны (паўторна) і этапаваны ў Мінск. 29 кастрычніка 1937 году выязная сесія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла паэта да расстрэлу. Рэабілітаваны 29 жніўня 1956 году.

Лекцыя Андрэя Хадановіча пра Юлія Таўбіна ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Аповед Людмілы Рублеўскай пра рэпрасаванага паэта на Haroshak.by.

Актор і спявак Дзяніс Тарасенка чытае верш Юлія Таўбіна “Смерць”.

Ізі Харык – паэт, грамадскі дзеяч, публіцыст. Аўтар зборнікаў паэзіі на ідышы “Трапятанне”, “На зямлі”, “Душой і целам”, “Вершы і паэмы”, “Хлеб” і іншых. Перакладаў на ідыш Міхася Чарота, Якуба Коласа.

Ізі Харык як “член трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі” быў прыгавораны да расстрэлу. Пасяджэнне па яго справе доўжылася 15 хвілін. Пасмяротна рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13 чэрвеня 1956 году.

Лекцыя Вольфа Рубінчыка пра Ізі Харыка ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Міхась Чарот (сапраўднае – Міхаіл Кудзелька) – драматург, паэт, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч. Аўтар кніг “Завіруха”, “Паэмы”, “Сонечны паход” і іншых.

Арыштаваны 24 студзеня 1937 года. Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным. Асуджаны як удзельнік “контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі” да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 снежня 1956 году. 

Серыя цыклу “Лабірынты” ад канала “Белсат” пра Міхася Чарота.

Лекцыя Ганны Севярынец пра Міхася Чарота ў межах праекту “(Не)расстраляныя”.

Лекцыя Васіля Дранько-Майсюка пра Міхася Чарота (частка 1).

Лекцыя Васіля Дранько-Майсюка пра Міхася Чарота (частка 2).

Песня і кліп Уладзіслава Лепяшынскага і LEAR на верш Міхася Чарота.