Выйшаў зборнік артыкулаў пра Максіма Багдановіча

У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла навінка багдановічазнаўства — кніга супрацоўніцы музея Ірыны Мышкавец “Рэ/экспазіцыя. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча”. Зборнік артыкулаў уключае матэрыялы, прысвечаныя асабістаму і творчаму шляху класіка беларускай літаратуры, а таксама яго блізкім, родным, калегам, сябрам.

Матэрыялы зборніка ёсць вынікам пошукавай і навукова-даследчай дзейнасці супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і будуць цікавыя даследчыкам, навукоўцам, аматарам творчасці паэта.

“Ідэя кнігі не мая, я ніколі б не рашылася на такі смелы крок. Дзякуй Міхаілу Бараноўскаму, майму ідэйнаму натхняльніку, і рухавіку! Дзякуй маім калегам, былым і сённяшнім, якія крытычна ставіліся да маіх опусаў ці, наадварот, падтрымлівалі ад пачатку і да канца (дзякуй, дарагая Аленка і мой першы дырэктар музея, Мікола Трус!). Я ўдзячна сваім сябрам, сярод якіх ёсць музейшчыкі, настаўнікі, гісторыкі, архівісты, юрысты і мэнэджары, якія падтрымлівалі, дапамагалі, супакойвалі, суцяшалі, падбадзёрвалі і падштурхоўвалі, вучылі і накіроўвалі“, — пракаментавала выхад кнігі аўтарка Ірына Мышкавец.

Кнігу ўжо можна купіць у ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42, час працы з панядзелка па пятніцу з 11 да 18:30, субота з 11 да 17, нядзеля з 11 да 16. Раз на месяц дастаўка кур’ерам у Варшаву і Вільню.

А таксама замовіць праз сайт Kniger.by.