Названа імя адной з лаўрэатак Прэміі Адамовіча

Сёлета лаўрэаткамі Прэміі імя Алеся Адамовіча, якой адзначаюцца аўтары найлепшых публіцыстычных твораў, сталі дзве асобы. У сувязі з тым, што беларусы раскіданыя па свеце, падчас берлінскай часткі фестывалю “Pradmova”, было названа імя толькі адой пераможцы — Вікі Біран. Імя другой лаўрэаткі стане вядомае пазней, тлумачаць арганізатары з Беларускага ПЭНа.

Віншавала пераможцу Святлана Алексіевіч, якая агучыла фармулёўку журы наступная:

«За перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруецца аўтарка кнігі “Я танцую” Віка Біран».

Каардынатар прэміі Іван Гоцманаў і лаўрэатка Віка Біран

Віка Біран нарадзілася ў 1990 годзе ў Пінску і да апошняга часу жыла ў Беларусі. Перажытае за апошнія некалькі гадоў яна выявіла ў аўтабіяграфічным дэбютным рамане “Я танцую”. Кніга напісаная на беларускай мове і расказвае пра памежныя сітуацыі, пра ЛГБТК+ супольнасць і пра Беларусь пасля 2020 году.

Усе фоты: Беларускі ПЭН