Выдавецтва “Тэхналогія” звярнулася праз свае сацсеткі да пакупнікоў і чытачоў з просьбай падтрымаць. Але ніякіх ахвяраванняў не чакае, проста заклікае купіць кнігі ў краме выдавецтва (у тым ліку анлайн).
“Больш як за 30 гадоў працы мы ў вас амаль ніколі нічога не прасілі: рабілі сваю справу – то з усмешкай і радасцю, то сціснуўшы зубы. Але такая нагода здарылася. Напачатку года “Тэхналогія” ўклала шмат грошай у выданне кніг. Але наклады з’явіліся ў продажы пазней, чым мы планавалі.
Не, цудоўныя кнігі Андрэя Скурко, Надзеі Ясмінскай, Таццяны Сапегі ўсё ж пабачылі свет, але, на жаль, пік сезону продажаў прайшоў і наклады падвіслі. Да канца верасня мы мусім зарабіць як мінімум 30 000 рублёў, каб неўзабаве выдаць прыгожы каляндар, фэнтэзі для падлеткаў, маляўнічую кнігу казак і яшчэ некалькі кніг, якія дакладна спадабаюцца нашым чытачам.
Выдавецтва не просіць у вас грошай, мы прапануем забраць тое, што належыць вам: кнігі на роднай мове – для дзетак, юнакоў, дарослых“.
Набыць кнігі “Тэхналогіі” можна, замовіўшы на сайце tn.by альбо купіўшы ў кнігарні пры выдавецтве.
На сайце, вам трэба дадаць кнігі ў кошык, а пасля абраць спосаб дастаўкі і аплаты. Гэта можа быць самавываз, “Еўрапошта”, “Белпошта” і кур’ерская дастаўка (дастаўка па Мінску на замову больш як на 200 руб. бясплатная).
Тых, хто больш любіць выбіраць кнігі ўжывую, выдавецтва запрашае ў краму па адрасе Ляўкова, 19 (уваход з боку Варанянскага). Гадзіны працы: пн-чц з 10.00 да 19.00, пт – з 10.00 да 18.00.
Сярод іншага ў выдавецтве “Тэхналогія” нядаўна выйшлі такія кнігі:
Унікальнае выданне пра вялікага беларускага паэта Алеся Разанава — кніга ўспамінаў “Праз сябе — да Сусвету”.
Пераклад на беларускую мову класікі амерыканскай дзіцячай літаратуры — казачнай аповесці Лаймэна Фрэнка Баўма “Чараўнік Краіны Оз” з ілюстрацыямі Кацярыны Дубовік.
Фэнтэзійная аповесць беларускай дзіцячай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай “Заклінальнік аднарогаў”.
Пераклад адной з самых вядомых і самых “казачных” ісландскіх сагаў — “Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка”.