Журы назвала лаўрэатаў і пераможцаў прэміі Аляхновіча

Прэмія імя Францішка Аляхновіча ўручаецца з 2013 года за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Сёлета дзеля бяспекі намінанты або іхныя сваякі, пры жаданні, маглі захаваць ананімнасць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і лаўрэатаў схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы іхных твораў.

На разгляд прэміі традыцыйна прымаліся дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і расійскай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісаў, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу году.

Пераможцамі, якіх вызначыла Рада Беларускага ПЭНа, сталі:

Віка Біран з кнігай «Я танцую»
Ліса з творамі (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Дзяніс Івашын з «Цыклам турэмных вершаў» 

Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 сталі:

Бервета Ірзвіцкая з цыклам вершаў (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Мар’ян Зораў з вершамі, напісанымі ў зняволенні (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)

Прозвішчы будуць абвешчаныя толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.

Таксама журы прэміі вырашыла ўганараваць працу адной з намінантак прэміі: за ўкладанне кнігі «Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020–2023» і за шматгадовую працу ў выдавецкай ініцыятыве «Беларуская турэмная літаратура», што дае магчымасць пачуць галасы палітычных зняволеных, спецыяльную адзнаку прэміі імя Францішка Аляхновіча атрымлівае праваабаронца ПЦ «Вясна» Алена Лапцёнак.

Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» віншуюць лаўрэатаў і зычаць тым, хто знаходзіцца ў зняволенні, найхутчэйшага вызвалення.

Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча станавіліся Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зміцер Дашкевіч (2014), Фелікс Пекер (2014), Павел Севярынец (2014), Аляксандр Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў (2017), Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандр Лапшын (2018), Уладзімір Някляеў (2018), Вольга Мікалайчык (2018), Алесь Пушкін (2019), Сяргей Скрабец (2019), Андрэй Аляксандраў (2021), Аляксандр Васілевіч (2021), Максім Знак (2021), Вольга Калацкая (2021), Святлана Купрэева (2021), Мікола Папека (2021), Андрэй Скурко (2021), Алег Груздзіловіч (2023), Вольга Класкоўская (2023) і іншыя. 

Арганізатары плануюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што неўзабаве прэмія страціць сваю актуальнасць.

Паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёння ў Беларусі трымаюць у зняволенні не менш за 38 Людзей Слова.


Прэмія імя Францішка Аляхновіча традыцыйна ўручаецца ў Дзень пісьменніка ў няволі. Некалькі мерапрыемстваў, якія прысвечаны гэтаму дню:

17 лістапада а 14:30 на фестывалі PRADMOVA ў Варшаве адбудзецца дыскусія «Творчая кухня: “Зэкамерон” Максіма Знака»Таццяна Нядбай і Ірына Козікава (сястра Максіма Знака) з купалаўцамі Алегам Гарбузам і Сяргеем Чубам абмяркуюць працэс стварэння спектакля паводле кнігі Максіма Знака «Зэкамерон». Падрабязней у афішы фестывалю.

А таксама дзве дыскусіі на польскай мове:

1) 18 лістапада – тэматычная сустрэча ў Варшаве з паэтам і выдаўцом Дзмітрыем Строцавым, а таксама размова з Таццянай Нядбай пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і пра беларускіх пісьменнікаў ў няволі. Падрабязней тут.

2) 25 лістапада – дыскусія праваабаронцаў і дзеячаў культуры «Канфіскаваныя галасы: страчаная свабода і раздзеленыя сем’і» ў межах цырымоніі ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця ў Гданьску. Падрабязней тут.